Машына з новым друкавальным абсталяваннем у Ватыкане Машына з новым друкавальным абсталяваннем у Ватыкане 

Лічбавая рэвалюцыя ў Ватыканскай тыпаграфіі

Ватыканская тыпаграфія зрабіла новы крок у сваёй гісторыі, выходзячы насустрач патрабаванням экалагічнасці і эканомнасці. 13 снежня 2020 г. сюды прыбыло новае абсталяванне.

Лічбавая друкарская машына апошняга пакалення сваімі памерамі параўнальна з аўтобусам: яе даўжыня – 8 метраў, шырыня – 4,5 метры, а вышыня – больш за 2,5 метры. Зараз адбываецца яе ўстаноўка і наладжванне. На наступны тыдзень запланаваны запуск.

“Гаворка ідзе пра адзін з гістарычных крокаў у жыцці Ватыканскай тыпаграфіі”, - заўважыў Франчэска Маскі, старшыня Дырэкцыі па тэхналагічных пытаннях Дыкастэрыі па камунікацыі Апостальскай Сталіцы. Гаворачы пра перавагі лічбавага друку над афсетным, ён паведаміў, што цяпер значна зменшыцца колькасць выкарыстання электраэнергіі і расходных матэрыялаў.

Новае абсталяванне дазволіць зрабіць друкавальны працэс цалкам аўтаматызаваным, бо для запуску машыны дастаткова аднаго спецыяліста. У аўтаматычным рэжыме будзе здзяйсняецца таксама кантроль якасці друку: раней гэта рабіла група работнікаў з мікраскопамі, а цяпер – спецыяльны аптычны сканер.

Лічбавы друк адпавядае патрабаванням сучаснага выдавецкага рынку. З дапамогай новай друкарскай машыны можна з лёгкасцю выдаваць кнігі невялікім тыражом, тэарэтычна нават у адным экзэмпляры, - падзяліўся Маскі.

Ватыканская тыпаграфія была заснавана ў 1587 г., у час пантыфікату Сікста V, і першапачаткова займалася друкаваннем Бібліі. На сённяшні дзень тут выдаюцца ўсе дакументы Пантыфіка і розных устаноў Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан, друкуецца газета L’Osservatore Romano, выходзіць кніжная прадукцыя Ватыканскага выдавецтва, устаноў Рымскай курыі, Педыятрычнага шпіталя Bambino Gesu, Ватыканскіх музеяў, Ватыканскай апостальскай бібліятэкі і іншыя матэрыялы.
 

15 снежня 2020, 12:58