Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: неанатолагі – супрацоўнікі Бога ў задуме жыцця

З нагоды Міжнароднага дня неданошаных дзяцей, які адзначаецца 17 лістапада, старшыня Папскай акадэміі жыцця падзяліўся думкамі пра важнасць служэння педыятраў і медыцынскага персаналу ў сферы неанаталогіі.

Арцыбіскуп Вінчэца Палья скіраваў ліст да прафесара Фабіа Москі, старшыні Італьянскага таварыства неанаталогіі. Ён нагадаў, што кожны год у свеце заўчасна нараджаецца каля 15 млн дзяцей. Гэтым вельмі слабым, але вялікім змагарам за жыццё, дапамагаюць іх бацькі, а таксама педыятры і медыцынскі персанал аддзяленняў неанаталогіі.

Арцыбіскуп Палья запэўніў медыкаў у сваёй малітве. “У гэты гістарычны перыяд, калі нараджаецца ўсё менш і менш дзяцей, педыятры, медсёстры і медбраты, разам з бацькамі і цэлымі сем’ямі, становяцца сапраўднымі супрацоўнікамі Бога ў вялікай задуме жыцця”, - падкрэсліў ён.

Ад імя Папы іерарх заахвоціў медыкаў працягваць выконваць сваю місію, якая з’яўляецца “верным і канкрэтным выразам служэння жыццю, якое нараджаецца, асабліва самаму слабаму і ўразліваму”.
 

17 лістапада 2020, 15:08