Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік салідарны з людзьмі, якія пакутуюць

Завяршаючы нядзельную малітоўную сустрэчу з вернікамі, Францішак выказаў салідарнасць з людзьмі, якія пакутуюць ва ўсім свеце ад рознага роду катастроф: прыродных і палітычных.

Папа паабяцаў сваю малітву за філіпінскі народ, які стаў ахвярай паводкі, выкліканай моцным тайфунам. “Выказваю сваю салідарнасць з самымі беднымі сем’ямі, якія пацярпелі ад гэтай бяды, і падтрымліваю тых, хто робіць усё магчымае, каб дапамагчы ім”, - сказаў Францішак 15 лістапада 2020 г. пасля “Анёл Панскі”.

Святы Айцец спаслаўся на Нацыянальны дзень міру, які адзначаецца ў Кот-д’Івуары ў кантэксце цяперашняй сацыяльнай і палітычнай напружанасці, якая прывяла да шматлікіх ахвяр. “Далучаюся да малітвы і прашу, каб Пан адарыў нацыянальнай згодай, заклікаю ўсіх сыноў і дачок гэтай дарагой краіны адказна супрацоўнічаць у справе згоды і мірнага суіснавання. У прыватнасці, заклікаю палітычных суб’ектаў аднавіць клімат узаемнага даверу і дыялогу ў пошуках справядлівых рашэнняў, якія абараняюць і спрыяюць агульнаму дабру”, - звярнуўся Пантыфік.

Францішак моліцца і за ахвяр пажару, які ўспыхнуў у адной з бальніц Румыніі, дзе лечаць пацыентаў з каронавірусам.
 

15 лістапада 2020, 12:59