Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: адукацыя – каталізатар у барацьбе з беднасцю

Выкараненню беднасці, барацьбе з кліматычнымі зменамі і міжнародным тэрарызмам былі прысвечаны прамовы Пастаяннага назіральніка Святога Пасаду ў ААН у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача прыняў удзел у трох пасяджэннях, якія прайшлі 12-13 кастрычніка 2020 г. у рамках 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што беднасць – гэта адна з самых актуальных глабальных праблем нашага часу, а колькасці людзей, якія пакутуюць ад яе застаецца непрымальна высокай. Іерарх звярнуў увагу на тое, што пагаршэнню сітуацыі садзейнічае пандэмія. Яе грамадска-эканамічныя наступствы могуць прывесці да таго, што да канца года ў стане крайняй галечы апынецца больш за 100 мільёнаў чалавек.

Паводле арцыбіскупа, каталізатарам для выйсця з ганебнай спіралі, якая заганяе цэлыя сем’і ў стан беднасці, павінна стаць адукацыя. Але таксама і гэты сектар сустрэўся з цяжкасцямі падчас пандэміі.

Папскі прадстаўнік звярнуў увагу на важнасць барацьбы з “фармацэўтычнай беднасцю” праз гарантаванне людзям доступу да неабходных лекаў і медыцынскіх паслуг. У барацьбе з галечай важна дапамагаць бедным станавіцца галоўным дзеючымі асобамі свайго лёсу, даючы ім магчымасць удзельнічаць у грамадскім і эканамічным жыцці, падтрымліваючы іх і спрыяючы агульнаму дабру.

У звароце на тэму кліматычных змен назіральнік Святога Пасаду нагадаў пра неабходнасць развіцця ўстойлівых і абнаўляльных крыніц энергіі, а таксама барацьбы з парніковым эфектам. Арцыбіскуп Кача заклікаў звяртаць больш увагі на прадухіленне прыродных катастроф, звязаных з наступствамі разбуральных дажджоў, паводак, апоўзняў і павышэння ўзроўню мора.

Барацьба з кліматычнымі зменамі – гэта маральны імператыў, а абарона навакольнага асяроддзя і чалавечай годнасці павінны крочыць нага ў нагу, - заключыў ён.

Ватыканскі дыпламат залікаў да рашучага асуджэння міжнароднага тэрарызму, які не можа апраўдаць ніводная ідэалагічная, палітычная, філасофская, расавая, этнічная і рэлігійная прычына. Для барацьбы з гэтай з’явай неабходна спрыяць пашырэнню адукаванасці сярод моладзі, не маргіналізаваць катэгорыі асобных людзей і груп, вырашыць праблему эканамічнай няроўнасці, спрыяць дыялогу і павазе да разнастайнасці.

Арцыбіскуп Кача заклікаў міжнародную супольнасць спрыяць абароне свабоды людзей вызнаваць сваю веру і прызнаваць незаменную ролю рэлігіі ў фарміраванні сумлення і этыкі ў грамадстве.
 

15 кастрычніка 2020, 10:02