Венесуэльскія мігранты. Ілюстрацыйнае фота Венесуэльскія мігранты. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: харчовыя і гігіенічныя наборы для венесуэльскіх мігрантаў

Праз фонд Populorum Progressio Францішак падтрымаў венесуэльскіх мігрантаў, якія ідуць па дарогах Калумбіі ў пошуках лепшых умоў жыцця.

Папа ахвяраваў калумбійскай дыяцэзіі Кукута 3300 пасылак з прадуктамі харчавання і столькі ж гігіенічных набораў.

Гэта трэці транш гуманітарнай дапамогі з боку Святога Айца, дзякуючы якому Касцёл у Калумбіі можа падтрымаць венесуэльскіх мігрантаў. На працягу некалькіх месяцаў гэтыя людзі не маглі перасекчы мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай, а цяпер адправіліся ў пошуках лепшага жыцця ўглыб краіны і суседнія дзяржавы. Іх падарожжа абцяжарвае пандэмія каронавіруса і ўплывае на эпідэміялагічную сітуацыю ў цэлым.

Дзякуючы Папскаму фонду Populorum Progressio, які фінансуе гуманітарныя праекты ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне, дапамога Святога Айца будзе размяркоўвацца на працягу 21 дня: венесуэльскія мігранты штодня атрымаюць ад 250 да 300 набораў з прадуктамі і гігіенічнымі сродкамі.

Першая дастаўка адбылася тыдзень таму праз Дыяцэзіяльны харчовы банк (BDA). Як паведамляе дыяцэзія Кукута, такім чынам мясцовы Касцёл імкнецца адказаць на заклік папы Францішка прымаць, абараняць, прасоўваць і інтэграваць нашых братоў, якія апынуліся далёка ад Радзімы і пакутуюць ад нястачы.
 

23 кастрычніка 2020, 14:06