Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская дыпламат: правы жанчын па-ранейшаму не абаронены

Распаўсюджаная культура адчужэння выклікала новыя формы галечы і эксплуатацыі жанчын, а таксама новыя пагрозы іх жыццю і годнасці, - лічыць намесніца сакратара ў Дзяржсакратарыяце.

Франчэска Дзі Джавані прыняла ўдзел у арганізаваным ААН віртуальным форуме з нагоды 25-годдзя Чацвёртай сусветнай канферэнцыі па пытаннях жанчын, якая адбылася ў Пекіне ў 1995 г.

Ватыканская дыпламат падкрэсліла, што годнасць жанчын і іх правы ў свеце па-ранейшаму недастаткова абаронены. Яна вызначыла чатыры ключавыя сферы, у якіх трэба больш актыўна працаваць.

Першае – неабходнасць вывесці жанчын з галечы шляхам роўнага доступу да працы, роўнай аплаты за роўную працу, справядлівага развіцця кар’еры і належнага прызнання хатняй працы жанчын.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што эканамічная сітуацыя “не павінна прымушаць жанчын выбіраць паміж працай і жаданнем мець сям’ю і дзяцей”.

Падсакратар Аддзела па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята таксама падкрэсліла важнасць адукацыі. Яна нагадала, што менавіта дзяўчынкі па-ранейшаму складаюць большасць непаўналетніх, якія не маюць доступу нават да базавай адукацыі. Такая сітуацыя прыводзіць да спіралі няроўнасці.

Трэці ключавы элемент прасоўвання правоў жанчын – гэта доступ да медыцынскай дапамогі. Дзі Джавані нагадала, што мільёны з іх да гэтага часу не атрымліваюць элементарнай медыцынскай дапамогі, харчавання і належнай санітарыі.

“Замест таго, каб укладваць рэсурсы ў ліквідацыю гэтых недахопаў, занадта шмат увагі было нададзена некаторым аспектам сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя жанчын, у тым ліку ліквідацыі іх мацярынскіх здольнасцей”

, - падкрэсліла дыпламат.

Яна нагадала, што вялікай праблемай застаецца гвалт у дачыненні да жанчын. “На жаль, нястрымны геданізм і спажывецкі дух зводзяць жанчын да ролі аб’ектаў сексуальнага жадання – тавару, які можна набыць, як гэта адбываецца ў выпадку з парнаграфіяй, сурагатным мацярынствам або гандлем людзьмі”, - падкрэсліла намесніца сакратара ў Дзяржаўным сакратарыяце.

У завяршэнні сваёй прамовы на канферэнцыі ААН па пытанні жанчын дыпламат адзначыла, што культуры адчужэння трэба супрацьстаяць праз абарону годнасці жанчын і фарміраванне павагі да іх.
 

05 кастрычніка 2020, 12:04