Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Іспанскія медыя пра сітуацыю з арцыбіскупам Кандрусевічам

СМІ ў Іспаніі пішуць пра рашэнне беларускіх уладаў не дазволіць арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь. Падкрэсліваецца, што гэта чарговая праява парушэння правоў чалавека ў краіне.

У штотыднёвіку Alfa y Omega адзначаецца, што кіраўнік дзяржавы звярнуўся да рэдкай у міжнародным праве практыкі не пускаць грамадзяніна краіны на сваю тэрыторыю. Аўтары нагадалі, што арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі неаднаразова заклікаў “спыніць рэпрэсіі супраць дэманстрантаў” і паважаць правы чалавека.

У рэпартажы з Мінска El Mundo паведамляе пра ўсё больш і больш агрэсіўнае стаўленне афіцыйных уладаў да мірных дэманстрацый. У часопісе адзначаецца, што многія людзі, баючыся пераследу, вымушаны эміграваць, іншых збіваюць і знявольваюць.

У якасці доказу адсутнасці гатоўнасці ўладаў да дыялогу іншы іспанскі штодзённік ABC адзначыў звальненне пасла Беларусі ў Мадрыдзе Паўла Пуставога за зварот аб неабходнасці спакойнага і мірнага дыялогу ў пытаннях, якія хвалююць беларускае грамадства.
 

02 верасня 2020, 11:13