Пошук

Vatican News
Бейрут. Ілюстрацыйнае фота Бейрут. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святога Айца непакоіць сітуацыя ў Ліване

Пантыфіка хвалюе лёс Лівана, “самабытнай краіны”, якую напаткаў крызіс пасля выбуху ў порце Бейрута. Аб гэтым ён сказаў 9 жніўня 2020 г. пасля малітвы “Анёл Панскі”.

“У гэтыя дні мае думкі часта вяртаюцца ў Ліван. Катастрофа мінулага аўторка заклікае ўсіх, пачынаючы з ліванцаў, супрацоўнічаць на карысць агульнага дабра гэтай дарагой краіны”, - сказаў Пантыфік.

Ён нагадаў, што Ліван “мае своеасаблівую самабытнасць, вынік сустрэчы розных культур, якая сфарміравалася з цягам гадоў як узор сумеснага жыцця”.

“Вядома, гэта суіснаванне зараз вельмі далікатнае, але я малюся, каб з Божай дапамогай і лаяльным удзелам усіх, яно магло адрадзіцца свабодным і моцным. Запрашаю Касцёл у Ліване быць побач з людзьмі на іх Галгофе, што ён і робіць у гэтыя дні, салідарна і спагадліва, з сэрцам і рукамі, адкрытымі для абмену. Я таксама аднаўляю свой заклік да міжнароднай супольнасці аб шчодрай дапамозе”, - такія словы скіраваў Пантыфік да вернікаў.

Магутны выбух адбыўся ў раёне порта Бейрута 4 жніўня 2020 г. вечарам. Як паведамілі ўлады, прычынай стала неналежнае захоўванне амаль трох тысяч тон аміячнай салетры. У выніку бальніцы перапоўненыя з прычыны вялікай колькасці пацярпелых. Больш за сто чалавек загінулі, тысячы атрымалі раненні. Выбух быў настолькі моцным, што пашкодзіў палову будынкаў горада.
 

09 жніўня 2020, 12:18