Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сусветныя рэлігіі за поўную ліквідацыю ядзернай зброі

Сусветная Рада Цэркваў (WCC) заклікае забараніць ядзерную зброю, якая з’яўляецца “экзістэнцыяльнай пагрозай для чалавецтва” і парушэннем “асноўных прынцыпаў розных традыцый веры”.

У міжрэлігійнай заяве, апублікаванай 6 жніўня ў сувязі з 75-годдзем бамбардзіровак ЗША японскіх гарадоў Хірасімы і Нагасакі, Рада разам з 188 іншымі арганізацыямі папярэджвае, што “існаванне нават адной ядзернай бомбы пагражае ўсім”.

Сярод падпісантаў – прадстаўнікі юдаізму, хрысціянства, ісламу, індуізму і будызму.

Ядзерная зброя разбурае “этычныя і маральныя асновы агульнага дабра”, гаворыцца ў дакуменце, які заклікае ўсе ўрады спрыяць больш мірнаму, бяспечнаму і справядліваму свету, “магчымаму толькі ў выпадку ліквідацыі ядзернай зброі”.

Межрэлігійная заява дэманструе, што “абсурднае ўяўленне пра тое, што ядзерная зброя нейкім чынам абароніць людзей усё часцей падвяргаецца сумневам з боку хрысціян і шэрагу іншых рэлігій ва ўсім свеце”, - сказаў Генеральны сакратар Сусветнай Рады Ёан Саука. Ён падкрэсліў, што ўсяму чалавецтву тэрмінова патрэбны “свет без ядзернай зброі”.

Сумесная заява завяршаецца напамінам, што ў 2017 г. свет наблізіўся да гэтай ідэі, калі ААН прыняла дамову аб забароне ядзернай зброі. На сённяшні дзень яе ратыфікавалі 40 краін, і калі 10 наступных прымуць рашэнне зрабіць гэты крок, дакумент уступіць у сілу.
 

10 жніўня 2020, 15:31