Vatican News
 Марыйны грот у Лурдзе Марыйны грот у Лурдзе  (AFP or licensors)

Складаныя часы для санктуарыя ў Лурдзе

Каранавірус пагрузіў Лурд у глыбокі крызіс. “95% арганізаваных груп адмянілі свой прыезд. Гэта вельмі цяжкі час для нас”, - сказаў кс. Аліўе Рыбадо Дзюма.

Рэктар санктуарыя падкрэсліў, што пілігрымы з’яўляюцца ключавымі для эканомікі гэтага рэгіёна. На іх долю прыпадае больш за 80% гасцей горада. Без замежных гасцей ён перажывае найгоршы турыстычны сезон у сваёй гісторыі. Адкрыта толькі траціна гатэляў. Рэстараны і кафэ страцілі палову кліентаў. Крамы і прадаўцы сувеніраў знаходзяцца ў аналагічным складаным становішчы.

У гэтыя дні ў Лурдзе пачынаецца штогадовая пілігрымка французаў, але замест традыцыйных вялікіх груп у ёй прымуць удзел толькі дэлегацыі. Кульмінацыяй стане ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліць ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

“Святкаванне будзе значна больш сціплым, чым звычайна, таму што па-ранейшаму трэба выконваць санітарныя абмежаванні. Аднак мы робім усё для таго, каб добра прыняць пілігрымаў у гэтым унікальным доме Марыі”, - заявіў капелан санктуарыя, кс. Нікола Вентрылья.
 

13 жніўня 2020, 12:44