Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл у Еўропе абвясціў дзень малітвы за Беларусь

Выканаўчы камітэт Iustitia et Pax Europa выступіў з заявай па сітуацыі ў Беларусі і заклікаў католікаў кантынента аб’яднацца ў малітве за беларускі народ.

“Мы рашуча асуджаем любыя формы гвалту і прымяненне катаванняў з боку беларускіх уладаў супраць затрыманых дэманстрантаў. Мы таксама заклікаем неадкладна вызваліць усіх арыштаваных без аніякіх абгрунтаванняў”, - гаворыцца ў заяве, якая спасылаецца на бягучую сітуацыю ў Беларусі.

У дакуменце, падпісаным старшынёй аб’яднання біскупскіх камісій, біскупам Ноэлем Трэанорам, пастырам дыяцэзіі Даун і Конар у Паўночнай Ірландыі, таксама гучыць заклік да малітвы за беларусаў у аўторак, 18 жніўня 2020 г., у 18.00 па цэнтральна-еўрапейскім летнім часе, каб “перамаглі праўда, справядлівасць і мір”.

У заяве апісваецца сітуацыя, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 г. і ў выніку непрапарцыйнага насілля, з якім улады спрабавалі здушыць грамадскія пратэсты супраць фальсіфікацый і маніпуляцый.

Iustitia et Pax Europa далучаецца да каталіцкіх біскупаў Беларусі ў іх закліку шукаць праўду, заснаваную на мірным і ўсеагульным дыялогу паміж беларускімі палітычнымі лідарамі і грамадствам у цэлым, каб пазбегнуць далейшага гвалту.
 

17 жніўня 2020, 12:33