Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад заклікае да салідарнасці перад абліччам голаду

Хранічны голад і недаяданне не толькі не знікаюць, але ўзрастаюць. У выніку эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй каронавіруса, стаць новымі ахвярамі голаду рызыкуюць каля 130 мільёнаў чалавек.

У 2019 г. каля 690 мільёнаў чалавек на планеце пацярпелі ад голаду. Гэта на 10 мільёнаў больш у параўнанні з 2018 г. і на 60 мільёнаў – чым пяць гадоў таму. 13 ліпеня 2020 г. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН прадставіла новыя статыстычныя дадзеныя адносна стану харчовай бяспекі і харчавання ў свеце.

Справаздача, якая з’яўляецца самым аўтарытэтным глабальным маніторынгам у барацьбе з голадам і недаяданнем у свеце, з’явілася дзякуючы супрацоўніцтву з Міжнародным фондам сельскагаспадарчага развіцця, ЮНІСЭФ, Сусветнай харчовай праграмы і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

У прадмове да дакумента, кіраўнікі гэтых пяці структур ААН падкрэслілі, што праз пяць гадоў пасля таго, як сусветныя лідары абавязаліся да 2030 г. пакончыць з голадам, харчовай небяспекай і ўсімі формамі недаядання, нам яшчэ далёка да дасягнення гэтай мэты.

Каментуючы дадзеныя справаздачы, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ФАО, мансеньёр Фэрнанда Чыка Арэльяна, у інтэрв’ю Vatican News зазначыў, што прадукты харчавання ў свеце ёсць, але яны недаступныя ўсім, або не дастаткова карысныя і могуць выклікаць розныя захворванні. У гэтым кантэксце святар указаў на важнасць выхавання ў дзяцей культуры здаровага харчавання.

Гаворачы пра шляхі барацьбы з недаяданнем, ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што гэта праблема звязана з беднасцю, няроўнасцю і несправядлівасцю, якія можна перамагчы толькі дзякуючы міжнароднай салідарнасці і супрацоўніцтву. Прыкладам канкрэтных дзеянняў, паводле яго слоў, можа быць падтрымка дробных вытворцаў і змяншэнне коштаў на асноўныя прадукты харчавання.

Паводле справаздачы ААН, найбольшая колькасць тых, хто недаядае, пражывае ў Азіі і складае 381 мільён чалавек. На другім месцы знаходзіцца Афрыка – 250 мільёнаў, а потым ідуць Лацінская Амерыка і Карыбскія астравы – 48 мільёнаў. Агульны працэнт тых, хто галадае, змяніўся мала, але абсалютная колькасць рэзка ўзрастае разам з ростам колькасць насельніцтва планеты за апошнія пяць гадоў.

Назіраюцца таксама вялікія рэгіянальныя адметнасці. У працэнтных адносінах найгоршая сітуацыя ў Афрыцы – тут недаядае каля 19,1% насельніцтва. Гэта амаль у два разы больш, чым у Азіі (8,3%), у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне (7,4%). Калі тэндэнцыя не зменіцца, у 2030 г. у Афрыцы будзе пражываць больш паловы насельнцітва свету, якое пакутуе ад хранічнага недаядання, - заўважаюць аўтара дакладу.

Па прычыне пандэміі каронавіруса ва ўмовах голаду апынуліся каля 83 мільёнаў чалавек, але, на жаль, у сувязі з эканамічным крызісам, да канца года гэта лічба можа ўзрасці да 132 мільёнаў.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да трансфармацыі харчовых сістэм, каб павялічыць эканамічную даступнасць здаровых прадуктаў харчавання. Урадам прапануецца пераглядзець стратэгіі харчавання і сельскай гаспадаркі; працаваць над змяншэннем фактараў узрастання выдаткаў на вытворчасць, захаванне, транспартыроўку, набыццё і продаж харчавання; падтрымліваць дробных мясцовых вытворцаў і забяспечваць ім доступ да рынку; аддаць перавагу забеспячэнню харчаваннем дзяцей, як найбольш патрабуючай катэгорыі; спрыяць новаму ладу жыцця праз адукацыйныя праграмы і СМІ; уключыць харчаванне ў нацыянальныя сістэмы сацыяльнай абароны і інвестыцыйныя стратэгіі.
 

15 ліпеня 2020, 09:49