Bandiera Unione Europea, Europa Bandiera Unione Europea, Europa 

Еўрасаюз прызначыў новага пасла пры Святым Пасадзе

Новым паслом Еўрапейскага саюза пры Святым Пасадзе стала Аляксандра Валкенбург. Прызначэнне супала з скасаваннем мандата спецпасланніка ЕС па справах свабоды рэлігіі.

Галандка мае за сваімі плячыма амаль чвэрць стагоддзя дыпламатычнага вопыту. Яна прадстаўляла сваю краіну ў ЗША і Сурынаме. Узначальвала Дэпартамент па правах чалавека і палітычных і прававых пытаннях Міністэрства замежных спраў. Да прыезду ў Ватыкан была паслом на Кубе і Ямайцы. Цяпер яна прадстаўляе Еўрасаюз не толькі ў Апостальскай Сталіцы, але і ў Мальтыйскім ордэне і міжнародных арганізацыях, якія базіруюцца ў Рыме і Сан-Марына. Яна змяніла на пасадзе польскага дыпламата Яна Тамбіньскага, які прадстаўляў ЕС у Ватыкане ў 2016-20 гадах.

Прызначэнне Валкенбург супала з нежаданнем Еўрасаюза аднавіць мандат свайго спецпрадстаўніка па пытаннях свабоды рэлігіі і веры за межамі ЕС. Ад стварэння гэтай пасады ў 2016 г. да 30 лістапада 2019 г. яе займаў славацкі хрысціянска-дэмакратычны палітык Ян Фігель. Адным з яго дасягненняў было вызваленне з турмы і бяспечны выезд з Пакістана мясцовай каталічкі Асіі Бібі, несправядліва абвінавачанай у нібыта абразе прарока і асуджанай на смерць.

Рашэнне аб скасаванне мандата спецпасланніка складана зразумець, паколькі аналагічныя пасады ўзніклі ў іншых краінах, а свабода рэлігіі і веры па-ранейшаму парушаецца ў многіх месцах планеты.

22 чэрвеня 2020, 12:37