Пошук

Vatican News

Аўстралійскія СМІ падазраюцца ў цкаванні кардынала Джорджа Пэла

У Аўстраліі на 19 журналістаў і 21 медыя заведзена крымінальная справа за “парушэнне парадку” падчас працэсу над кардыналам Джоржам Пэлам.

У 2018 г. іерарха абвінавацілі ў нібыта сексуальным дамаганні да непаўналетніх. У красавіку 2020 г. Вярхоўны суд яго апраўдаў. На працягу 13 месяцаў пажылы кардынал знаходзіўся ў турме для самых небяспечных злачынцаў.

Аднак засталася праблема незаконнага і неабгрунтаванага пераследу з боку СМІ, у якой улады краіны ўбачылі “парушэнне абавязку маўчання” перад вынясеннем канчатковага прысуду. Адзін з каментатараў параўнаў цкаванне Пэла да “кіданне камянёў у будынак, выраблены са шкла”, маючы на ўвазе іміджавыя страты, панесеныя не толькі кардыналам, але і Каталіцкім Касцёлам, які ён прадстаўляе.

Па словах пракурораў штата Вікторыя, дзе адбываўся суд, аўстралійскія медыя “падбухторвалі і заклікалі да агрэсіўных паводзін, грунтуючыся на замежных паведамленнях”. “Яны пагарджалі ўласным законам, які патрабуе маўчання ў выпадках, калі суд яшчэ не вынес канчатковай пастановы”, - сцвердзіў абвінаваўца.

У Аўстраліі за “парушэнне абавязку маўчання” прадугледжваецца пазбаўленне волі да 5 гадоў і штрафы, каля 66 тыс. долараў для асобных адказчыкаў і каля 330 тыс. долараў ЗША для кампаній і ўстаноў.

Суд па гэтай справе пачнецца ў ліпені 2020 г.

Нагадаем, што Вышэйшы судовы орган Аўстраліі ў апраўдальнай пастанове адносна кардынала Пэла звярнуў увагу, што падчас працэсу над іерархам не былі ўзяты пад увагу рацыянальныя сумневы на карысць абвінавачанага. Яны не былі прыняты да ўвагі і прысяжнымі. Як падкрэслівала абарона, адзін з пацярпелых перад смерцю прызнаўся, што кардынал не здзяйсняў злачынства. Доказамі ў справе былі толькі паказанні другога пацярпелага, якія абвяргалі 20 сведак, выкліканых абаронай. Суд таксама падкрэсліў неверагоднасць месца і часу, у якіх павінен быў адбыцца эпізод у 1996 г. – сакрыстыя перапоўненага сабора ў Мельбурне пасля ўрачыстай Імшы.

28 мая 2020, 12:18