Vatican News

Святы Пасад выказаў малітоўную блізкасць з ахвярамі каронавіруса

“Хочам выказаць сваю блізкасць, любоў і памяць у малітве ўсім, каго закрануў Covid-19, і тым, хто адчувае пагрозу па прычыне гэтай віруснай інфекцыі”, - гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.

“Жыццё чалавека мае надзвычай вялікую каштоўнасць у вачах Бога”, - нагадваюць аўтары.

Пасланне Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, апублікаванае Залай Друку Святога Пасаду 6 сакавіка 2020 г., стала рэакцыяй на сітуацыю з распаўсюджваннем эпідэміі Covid-19, больш вядомай як каронавірус.

“Калі ў нейкіх умовах штосьці квапіцца на здароўе ці само жыццё многіх людзей, можа, у тым ліку і нашае, мы не павінны адчуваць сябе самотнымі перад абліччам гэтага ворага”, - гаворыцца ў тэксце.

Дыкастэрыя выказала падзяку медыкам і навуковым даследчыкам за велікадушнасць, з якой яны прысвячаюць сябе барацьбе з эпідэміяй, і заахвоціла іх працягваць ахвяраваць гэтай справе сілы і інтэлектуальныя здольнасці, падораныя Богам.

У паведамленні ўтрымліваецца запрашэнне, адрасаванае да ўсіх людзей добрай волі, “супрацьстаяць гэтаму надзвычайнаму міжнароднаму санітарнаму становішчу з сур’ёзнасцю, спакоем і мужнасцю”, і быць гатовымі да пэўных ахвяр ва ўласным паўсядзённым ладзе жыцця на карысць усеагульнага дабра.

Асаблівы заклік гучыць да сем’яў, каб яны з любоўю і адказнасцю клапаціліся пра родных, якія заразіліся каронавірусам, а таксама састарэлых, якія па прычыне сваёй слабасці ці іншай хваробы не могуць выходзіць з дому, і дзяцей, якія вымушаны часова спыніць наведванне школы.

“У такіх умовах сям’я можа стаць рэсурсам, вядучай і ўзаемадапаўняльнай моцай адказнасці кожнага чалавека, салідарнасці, стойкасці і разважлівасці, дзялення і ўзаемнай дапамогі ў складанай сітуацыі”, - гаворыцца ў пасланні.

“Кожны пакліканы зрабіць свой унёсак, але ён не самотны: мы маем заступніцтва Бога, Які апякуецца кожным з нас з Айцоўскай любоўю”, - падкрэсліваецца ў пасланні.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 сакавіка 2020, 12:45