Gallagher-Wang-Yi-02.jpg

Святы Пасад і КНР: гатоўнасць працягваць інстытуцыйны дыялог

Прадстаўнікі Святога Пасаду і Кітайскай Народнай Рэспублікі пацвердзілі жаданне развіваць супрацоўніцтва і двухбаковы дыялог з мэтай пашырэння міру ў свеце.

14 лютага 2020 г., у рамках Міжнароднай канферэнцыі па бяспецы, якая ўжо ў 56-ы раз праходзіць у нямецкім Мюнхене, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, сустрэўся з Міністрам замежным спраў КНР Ванам І. Падобная сустрэча адбылася ўпершыню за апошнія семдзесят гадоў.

У ходзе перамоў, якія праходзілі ў сардэчнай атмасферы, бакі адзначылі станоўчае развіццё стасункаў паміж дзвюма краінамі. Была падкрэслена важнасць Часовага пагаднення адносна прызначэння біскупаў, падпісанага 22 верасня 2018 г., і пацверджана гатоўнасць працягваць інстытуцыйны дыялог на двухбаковым узроўні, каб спрыяць жыццю Каталіцкага Касцёла і дабру кітайскага народа.

Ватыканскі дыпламат высока ацаніў намаганні, якія робяцца ў барацьбе з каронавірусам, і выказаў салідарнасць з насельніцтвам КНР. Малітоўную лучнасць з кітайскім народам, які змагаецца з эпідэміяй каронавіруса, раней выказваў і папа Францішак. Так, падчас агульнай аўдыенцыі 12 лютага 2020 г. у Ватыкане Святы Айцец пажадаў жыхарам краіны “як мага хутчэй знайсці шлях да аздараўлення”.

Нарэшце, субяседнікі абмеркавалі пытанні міжкультурнага дыялогу і гарантавання павагі да чалавечых правоў і выказалі спадзяванне на ўзмацненне міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай пашырэння мірнага грамадзянскага суіснавання і міру ў свеце.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лютага 2020, 11:21