Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік няспынна моліцца за венесуэльцаў

Папа “уважліва сочыць за развіццём сітуацыі” у Венесуэле і заклікае мясцовы Касцёл быць на баку людзей, якія пакутуюць, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Кардынал Пітэр Тарксан скіраваў пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі “Caridad en la frontera” (Міласэрнасць на памежжы), якая праводзіцца калумбійскай дыяцэзіяй Кукута, што знаходзіцца на мяжы з Венесуэлай. Форум арганізаваны ў супрацоўніцтве Секцыяй па справах мігрантаў і бежанцаў ватыканскай Дыкастэрыі. Мэта сустрэчы – каардынацыя дабрачыннай дзейнасці на карысць ахвяр гуманітарнага крызісу ў Венесуэле.

Пасланне кардынала Пітэра Тарксана перад удзельнікамі канферэнцыі зачытаў мансеньёр Сэгунда Тэхада Муньяс, падсакратар ватыканскай структуры. У ім гаворыцца, што глыбокі гуманітарны крызіс у Венесуэле справакаваў 4,5 мільёнаў мігрантаў і бежанцаў у краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Сустрэча, арганізаваная ў Кукуце, заклікана дапамагчы глыбокаму аналізу патрэб гэтых людзей і скаардынаваць дзейнасць касцёльных дабрачынных арганізацый.

Кардынал Тарксан падкрэсліў, што менавіта ініцыятывы на карысць мігрантаў, патрабуючых, маргіналізаваных, ахвяр канфліктаў з’яўляюцца галоўным заданнем Дыкастэрыі, якую ён узначальвае. Іерарх запэўніў, што Папа “няспынна моліцца” за ўсіх венесуэльцаў, а таксама выказаў спадзяванне на хуткае дасягненне дамовы, якая пакладзе канец пакутам людзей і паслужыць карысці Венесуэлы і ўсяго рэгіёну.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лютага 2020, 13:02