Пошук

Vatican News
Францішак з прадстаўнікамі будызму падчас візіту ў Японію Францішак з прадстаўнікамі будызму падчас візіту ў Японію  (Vatican Media)

Кардынал пра бляск і цені візіту Францішка ў Тайланд і Японію

Месяц пасля візіту Францішка ў Тайланд і Японію, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу ў інтэрв’ю ватыканскаму штодзённіку “L’Osservatore Romano” распавёў пра яго бляск і цені.

Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот падкрэсліў, што падчас падарожжа яго асабліва кранулі два моманты. Першы – гэта цішыня, якая панавала падчас сустрэч у мемарыялах у памяць аб выбуху атамных бомб у Нагасакі і Хірасіме, і вялікае разуменне і згода падчас сустрэч з прадстаўнікамі іншых рэлігій.

Ён адзначыў, што асабліва ў Японіі клімат дыялогу і павагі глыбока ўкаранёны. Пасля Другога Ватыканскага Сабору кантакты з прадстаўнікамі іншых рэлігій, прысутных у гэтай краіне і ў Тайландзе, значна ўзмацніліся. Кожны год адбываецца шмат сустрэч, ёсць магчымасць паглыбіць узаемныя веды і адкрыць для сябе багацце іншых рэлігійных традыцый. Аднак існуюць асцярогі, каб не заставацца на чыста знешнім узроўні.

“Дыялог, які разглядаецца як узаемныя адносіны, поўныя павагі і сяброўства, – гэта нешта ўпісанае ў жыццё японцаў, але гэта звычайна яшчэ не імпульс да лепшага ўзаемнага пазнання і не штуршок да далейшых крокаў”, - сказаў кардынал Гішот.

Небяспека, на яго думку, заключаецца ў тым, што рэлігійная павярхоўнасць, лёгкасць, з якой чалавек удзельнічае ў цырымоніях той ці іншай рэлігіі, тэндэнцыя да абмежавання рэлігійнага жыцця да прыватнай сферы, як нечага сентыментальнага, адбіваецца на практыцы і разуменні самога дыялогу, спыняючыся на знешнім узроўні ўзаемных “добрых адносін”, і падтрымлівае той рэлятывізм, які ляжыць у корані.

На думку старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, знаходжанне Францішка ў Тайландзе стала стымулам да развіцця адносін з будыстамі такім чынам, каб яны маглі прывесці да ўзаемнага пазнання і стаць пачаткам сумеснага сведчання каштоўнасцей справядлівасці, міру і братэрства.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 студзеня 2020, 15:51