Кардынал Пьетра Паралін падчас візіту ў Грузію Кардынал Пьетра Паралін падчас візіту ў Грузію  

Кардынал Дзяржсакратар наведаў Грузію з афіцыйным візітам

У апошнія дні бягучага года Дзяржсакратар Яго Святасці Папы здзейсніў афіцыйны візіт у Грузію, дзе выказаў падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

У Тбілісі кардынал Пьетра Паралін прыбыў 28 снежня 2019 г. У першую чаргу ён наведаў акупіраваную зону на de facto мяжы з самаабвешчанай рэспублікай Паўднёвая Асеція, а таксама пасяленне вымушаных перасяленцаў у Цэравані, у якім знаходзіцца каля 6,5 тыс. чалавек, і Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Дзідубэ дабрачыннага фонда “Карытас”.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы сустрэўся з прэм’ер-міністрам Грузіі Георгіем Гахарыя і старшынёй парламента Арчылам Талаквадзэ. У ходзе размоў з прадстаўнікамі ўлады Грузіі кардынал Паралін неаднаразова падкрэсліў, што Святы Пасад цалкам падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны, звярнуў увагу на каштоўнасць яе шматвяковай гісторыі і традыцый.

У Тбілісі іерарх пазнаёміўся з членамі сям’і ўрача Важы Гапрындашвілі – палітзняволенага, асуджанага за аказанне медыцынскай дапамогі на акупіраванай тэрыторыі. У той жа дзень кардынал Паралін узначаліў літургію ў катэдральным касцёле Тбілісі.

У другі дзень знаходжання ў Тбілісі ватыканскі дыпламат прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да Мемарыялу памерлых за адзінства Грузіі, пасля чаго наведаў каталіцкі ўніверсітэт імя Сулхан-Саба Арбэліані. У другой палове дня пурпурат правёў працоўную сустрэчу з Міністрам замежных спраў Грузіі Давідам Залкаліані і выступіў з прамовай на форуме мясцовых каталіцкіх устаноў у сядзібе нацыянальнага аддзялення “Карытас”.

Увечары кардынала Параліна чакала сустрэча з Каталікосам усяе Грузіі Іллёй II. Асноўнымі тэмамі размовы Дзяржсакратара і Патрыярха сталі цяжкасці і выклікі, якія ўзнікаюць перад хрысціянскім светам. Пурпурат назваў Грузію адной з найбольш старажытных хрысціянскіх краін свету і выказаў пажаданне, каб мясцовыя вернікі цанілі свае хрысціянскія карані.

30 снежня 2019 г. кардынал Пьетра Паралін развітаўся з Грузіяй і вярнуўся ў Ватыкан. Сваім візітам ён прадэманстраваў надзвычайную ўвагу Святога Пасаду да праблем гэтай краіны. У мінулым годзе Грузію наведваў сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, а ў 2016 г. – папа Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 снежня 2019, 13:32