1574679266858.JPG

Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі кіруючых колаў Японіі

Пра важнасць культуры сустрэчы і дыялогу і інтэгральнага падыходу да абароны жыцця нагадаў Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса Японіі.

Размова Францішка з істэблішментам адбылася 25 лістапада 2019 г. у афіцыйнай рэзідэнцыі прэм’ер-міністра Японіі ў Токіа.

Папа падкрэсліў доўгую гісторыю сяброўскіх адносін, якія ўсталяваліся паміж Святым Пасадам і Японіяй і адзначыў, што прыехаў у краіну, каб узмацніць японскіх католікаў у веры і міласэрнай руплівасці ў справе служэння патрабуючым, а таксама заклікаць свет да недапушчэння паўтарэння на планеце трагедыі Хірасімы і Нагасакі.

Францішак заклікаў улады краіны да “культуры сустрэчы і дыялогу”, неабходнай “для будаўніцтва больш справядлівага і братэрскага свету”, а выказваючы захапленне багатай культурнай спадчынай Японіі і прыгажосцю яе прыроды, нагадаў пра важнасць інтэгральнага падыходу да пытання аховы планеты, адным з аспектаў якога павінна быць чалавечая экалогія.

“Абавязацельства ў справе аховы азначае адказ на ўзрастаючы разрыў паміж багатымі і беднымі”, - заўважыў Папа і заахвоціў кіраўніцтва Японіі спрыяць узмацненню ўсведамлення ўзаемаадказнасці паміж народамі.

У рэшце рэшт, нагадаў Святы Айцец, “цывілізаванасць нацыі ці народу вымяраецца не эканамічнай моцай, але ўвагай, якая надаецца патрабуючым, і здольнасцю станавіцца плённымі абаронцамі жыцця”.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 лістапада 2019, 13:33