Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: ядзерныя выпрабаванні – пагроза для экалогіі

Выпрабаванні ядзернай зброі нясуць пагрозу не толькі для чалавецтва, але і для экалогіі, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН падчас 74-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса высока ацаніў даследаванні Навуковага камітэта ААН па дзеянні атамнай радыяцыі. Ён пажадаў, каб навуковыя дадзеныя садзейнічалі не толькі развіццю тэхналогій, што дазволяць абмежаваць уплыў радыяцыі на людзей, але таксама праектаванню больш бяспечных атамных станцый.

Прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што інфармацыя, прадстаўленая Навуковым камітэтам, паказвае не толькі захаванне рызыкаў, звязаных з атамнай радыяцыяй, але таксама, у некаторых выпадках, і іх узрастанне.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што ў наступным месяцы Францішак наведае Хірасіму і Нагасакі, адкуль скіруе заклік да міжнароднай супольнасці, каб нястомна разважала аб невымоўных пакутах, прычыненых выкарыстаннем ядзернай зброі не толькі чалавецтву, але ўсяму стварэнню.

Гаворачы пра ядзерныя выпрабаванні, ватыканскі прадстаўнік заўважыў, што з імі звязаны бескантрольны выкід радыёактыўных матэрыялаў непасрэдна ў навакольнае асяроддзе. У сувязі з гэтым арцыбіскуп Ауса заклікаў, каб “рэжым нераспаўсюджання няспынна працаваў на карысць поўнай забароны ядзерных выпрабаванняў”.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН заклікаў да ратыфікацыі Дамовы аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў, якая была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН яшчэ ў 1996 г., але дагэтуль не ўвайшла ў сілу.

Святы Пасад вітае той факт, што ўсё больш і больш краін далучаецца да Дамовы аб забароне ядзернай зброі і заклікае дзяржавы як мага хутчэй ратыфікаваць гэты дакумент, сказаў ён. Гэты міжнародны інструмент з’яўляецца вынікам намаганняў многіх краін і іншых зацікаўленых бакоў, каб спрыяць больш глыбокаму асэнсаванню сур’ёзных гуманітарных наступстваў і экалагічных катастроф, якія могуць узнікнуць у выніку ўжывання ядзерная зброі, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 кастрычніка 2019, 13:24