Пошук

Vatican News
Папа з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота Папа з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Ватыканскі дыпламат у ААН пра спадчыну карэнных народаў

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прысвяціў сваё выступленне на 42-й сесіі Савета па правах чалавека карэнным народам.

Абарона карэнных народаў і іх земляў – асноўны этычны імператыў, наўпрост звязаны з абаронай правоў чалавека, - падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч 18 верасня 2019 г. Міжнароднае права стаіць на абароне традыцыйных моў, а таксама палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў карэнных жыхароў. Паводле Плану дзеянняў да 2030 г., карэннае насельніцтва павінна быць прыцягнута да рэалізацыі Сямнаццаці мэтаў у якасці асноўнага партнёра, - нагадаў ватыканскі дыпламат.

На думку Святога Пасаду, сёння патрэбна іншая мадэль развіцця, якая б улічвала сувязь паміж цэнтральным месцам чалавечай асобы і навакольным асяроддзем, а таксама знаходзіла важныя элементы ў звычаях карэннага насельніцтва. Культурная спадчына карэнных народаў, дзе мова мае галоўнае значэнне, павінна разглядацца не як цяжар, а ўзбагачэнне культурнай ідэнтычнасці краін. Святы Пасад працягвае падтрымліваць мовы карэнных жыхароў, будуючы цэнтры іх вывучэння і распрацоўваючы літургічныя пераклады на гэтыя мовы.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што ў кастрычніку ў Ватыкане адбудзецца Сінод Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне. Сярод іншых пытанняў, на ім будзе абмяркоўвацца ўклад карэнных народаў у сусветную культуру і дапамога Касцёла ў ахове і прасоўванні іх спадчыны.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 верасня 2019, 12:07