Пошук

Vatican News
Дональд Трамп на трыбуне ААН. Ілюстрацыйнае фота Дональд Трамп на трыбуне ААН. Ілюстрацыйнае фота  (2019 Getty Images)

Прэзідэнт ЗША: свабода рэлігіі – гэта асноўнае права чалавека

“У дадзены момант яўрэі, хрысціяне, мусульмане, будысты, індуісты і іншыя трапляюць у турмы, падвяргаюцца катаванням і нават забойству толькі па прычыне сваёй веры”, - гэта словы Прэзідэнта ЗША.

Дональд Трамп адкрыў глабальны саміт па пытаннях свабоды рэлігіі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, арганізаваны з ініцыятывы ЗША. Ён заявіў, што свабода вызнаваць сваю веру з’яўляецца асноўным правам чалавека, і яго трэба абараняць.

“Неадкладным маральным абавязкам сусветных лідараў з’яўляецца спыненне злачынстваў супраць веры, вызваленне вязняў сумлення і адмена законаў, якія абмяжоўваюць рэлігійную свабоду”, - заявіў Прэзідэнт. “Мы заклікаем урады ўсяго свету паважаць вечнае права кожнага чалавека прытрымлівацца сваіх перакананняў, жыць па законах сваёй веры і славіць Пана”, - дадаў ён.

Амерыканскі лідар нагадаў, што каля 80% насельніцтва свету жыве ў краінах, дзе свабода рэлігіі падвяргаецца пагрозам, абмяжоўваецца ці нават адсутнічае. “Амерыка заўсёды будзе рупарам для ахвяр пераследу на рэлігійнай глебе. Мы ўсе павінны працаваць разам, каб абараняць супольнасці любога веравызнання”, - запэўніў ён. “Сапраўдная талерантнасць мае на ўвазе павагу правоў усіх людзей на свабодную рэалізацыю сваіх рэлігійных перакананняў”, - дадаў Прэзідэнт.

Выступленне ў Нью-Ёрку стала чарговым, якое Трамп прысвяціў свабодзе рэлігіі. Яго адміністрацыя праводзіць штогадовыя сустрэчы на гэтую тэму ў Вашынгтоне, а дзяржсакратар Майк Пампэа абвясціў, што будзе ўтвораны міжнародны альянс, прысвечаны гэтай праблеме.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 верасня 2019, 13:55