Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак выказаў падтрымку пацярпелым ад урагану “Дорыян”

Святы Айцец выказаў спачуванні сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх у выніку разбуральнага ўрагана “Дорыян”, які абрушыўся на Багамскія астравы, і даручыў Божай апецы жыхароў рэгіёну.

Тэлеграму на імя арцыбіскупа Патрыка Крастафера Піндэра, пастыра Насау, сталіцы Багамскіх астравоў, падпісаў Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал Пьетра Паралін.

“Яго Святасць Папа Францішак быў засмучаны навіной пра разбуральнае ўздзеянне ўрагану “Дорыян” на Багамы і выказвае сваю духоўную салідарнасць і глыбокую пастырскую спагаду ўсім, каго закранула гэтая катастрофа. Ён узносіць шчырыя малітвы, каб Усемагутны Бог адарыў вечным спакоем памерлых і суцяшэннем і моцай тых, хто застаўся без жылля, параненых і пакутуючых”, - гаворыцца ў пасланні.

Кардынал Паралін запэўніў, што Пантыфік спадзяецца на неадкладную і эфектыўную дапамогу міжнароднай супольнасці ў барацьбе з наступствамі прыроднай катастрофы і просіць, каб Бог адарыў усіх занятых у цяжкай працы па аднаўленні разбураных тэрыторый “моцай і шчодрай стойкасцю ў служэнні сваім братам і сёстрам”.

Ураган “Дорыян”, якому прысвоена найвышэйшая пятая катэгорыя, абрушыўся на Багамы на мінулым тыдні. Значная тэрыторая астраўной дзяржавы аказалася затопленай. Амаль палова жылых будынкаў разбурана. Ужо вядома пра 30 загінулых у выніку ўрагану, і, па ацэнках выратавальных службаў, гэтая лічба будзе расці.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 верасня 2019, 10:56