Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра лёс дзяцей падчас ваенных канфліктаў

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі прыняў удзел у дэбатах, якія прайшлі 2 жніўня 2019 г. у Радзе Бяспекі ААН, з нагоды абнародавання дакладу аб сітуацыі дзяцей падчас узброеных канфліктаў.

Насілле, ахвярамі якога мільёны дзяцей становяцца падчас ваенных канфліктаў, мае цяжкія наступствы для іх цяперашняга і будучага жыцця, а таксама для грамадстваў, у якіх яны жывуць, падкрэсліў у сваім дакладзе арцыбіскуп Бернардзіта Ауса.

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН звярнуў увагу на тое, што падчас ваенных канфліктаў дзеці часта пазбаўляюцца належнага доступу да адукацыі, не маюць медыцынскай дапамогі, клопату з боку сям’і, фундаментальнай для жыцця падтрымкі.

Спасылаючыся на сітуацыю на афрыканскім кантыненце ватыканскі дыпламат заўважыў, што многія дзеці, замест таго, каб хадзіць у школу, працуюць у шахтах ці прымушаюцца да ўдзелу ва ўзброеных супрацьстаяннях, у надзеі мець магчымасць утрымліваць свае збяднелыя сем’і.

“Трэба прааналізаваць глыбокія прычыны такой сітуацыі, асабліва як грамадска-эканамічныя праблемы і адсутнасць перспектыў вельмі часта становяцца альтэрнатывай узброеным канфліктам для нашай моладзі”, - сказаў арцыбіскуп Ауса. Ён выказаў заклапочанасць радыкалізацыяй і ўплывам экстрэмісцкіх ідэалогіі на моладзь.

Выйсцем з сітуацыі з’яўляецца навучанне міру ў сям’і і навучальных установах. У гэтым кантэксце важная роля належыць жанчынам, сапраўдным “настаўніцам міру”, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што “частковае ці поўнае знішчэнне будынкаў, важных для сферы аховы здароўя, выхавання і дабрабыту дзяцей”, выклікае “глыбокую занепакоенасць Папы”. У сувязі з гэтым Святы Пасад заклікае прыкладаць больш намаганняў, каб абараніць дзяцей і спрыяць будаванню культуры міру.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 жніўня 2019, 14:25