Cerca

Vatican News
В'етнамская дзяржаўная дэлегацыя падчас сустрэчы з Францішкам В'етнамская дзяржаўная дэлегацыя падчас сустрэчы з Францішкам  (Vatican Media)

Станоўчая дынаміка ў ватыканска-в’етнамскіх адносінах

Святы Пасад і В’етнам “правялі паглыбленае абмеркаванне” адносін, у тым ліку па пытаннях, якія тычацца Каталіцкага Касцёла ў азіяцкай краіне. Аб гэтым паведаміла 23 жніўня 2019 г. Зала Друку.

У Ватыкане 21-22 жніўня 2019 г. прайшло восьмае пасяджэнне Рабочай групы па дыялогу паміж Святым Пасадам і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.

Абодва бакі з задавальненнем адзначылі станоўчыя зрухі ў двухбаковых адносінах за апошнія гады. Дэлегацыя В’етнама яшчэ раз падкрэсліла, што дзяржава паслядоўна ўдасканальвае палітыку забеспячэння павагі і свабоды веравызнання, ствараючы спрыяльнае асяроддзе для дзейнасці і развіцця каталіцкай супольнасці. Святы Пасад выказаў удзячнасць за дапамогу дзяржавы Каталіцкаму Касцёлу і пацвердзіў жаданне вернікаў рэалізаваць сваё пакліканне быць добрымі католікамі і добрымі грамадзянамі.

Дэлегацыі дасягнулі дамоўленасці аб шляхах далейшага ўмацавання адносін, і, у прыватнасці, аб асноўных прынцыпах місіі і статусу папскага прадстаўніка ў краіне, з улікам стварэння яго пастаяннай рэзідэнцыі як мага хутчэй.

Абодва бакі таксама выказалі прыхільнасць далейшаму дыялогу, заснаванаму на ўзаемным даверы і павазе. Яны падкрэслілі важнасць далейшага прасоўвання двухбаковых кантактаў, у тым ліку на высокім узроўні.

З нагоды візіту ў Ватыкан дэлегацыю В’етнама прыняў на аўдыенцыі Святы Айцец Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 жніўня 2019, 15:56