Пошук

Vatican News
Францішак з Прэзідэнтам Мазабіка Філіпэ Ньюсі. Ілюстрацыйнае фота Францішак з Прэзідэнтам Мазабіка Філіпэ Ньюсі. Ілюстрацыйнае фота 

Мазамбік: мірнае пагадненне напярэдадні візіту Францішка

Мірнае пагадненне, якое паклала канец 40-гадоваму ўзброенаму канфлікту ў Мазамбіку, падпісалі на мінулым тыдні Прэзідэнт краіны Філіпэ Ньюсі і лідар Нацыянальнага Супраціўлення Асуфа Мамад.

Знакавая падзея адбылася за некалькі тыдняў да Апостальскага падарожжа ў гэтую краіну Паўднёвай Афрыкі папы Францішка. Яно пачнецца 4 верасня 2019 г.

“Гэтае пагадненне адкрывае новую эру ў гісторыі нашай краіны, калі ніводзін грамадзянін Мазамбіка больш не выкарыстае зброю для вырашэння канфлікту”, - заявіў прэзідэнт Ньюсі.

Падпісанне адбылося ў прысутнасці кіраўніка Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыла Рамафосы і прэзідэнта Руанды Поля Кагамэ. Пагадненне прадугледжвае, між іншым, правядзенне 15 кастрычніка 2019 г. усеагульных выбараў у краіне.

Шлях да прымірэння паміж канфліктуючымі бакамі Мазамбіка быў доўгім. Кровапралітную грамадзянскую вайну з рухам Нацыянальнага Супраціўлення Мазамбіка сацыялістычная партыя “Фронт Вызвалення” вяла з 1977 г. па 1992 г. За гэты час ахвярамі вайны сталі каля мільёна чалавек.

У 1992 г. У Рыме пры садзейнічанні Супольнасці св. Эгідзія было падпісана мірнае пагадненне, якое паклала канец канфлікту. У выніку Нацыянальнае Супраціўленне Мазамбіка было ўключана ў працэс дэмакратычных пераўтварэнняў і стала самай вялікай апазіцыйнай партыяй краіны. Тым не менш, канчаткова атмасферу напружання ліквідаваць не ўдалося.

У 2014 г. Нацыянальнае Супраціўленне не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў і зноў прыбегла да зброі. Часовага перамір’я ўдалося дасягнуць толькі ў 2016 г. Згодна з яго ўмовамі, дзяржаўнае кіраўніцтва згаджалася на перагляд Канстытуцыі, а Нацыянальнае Супраціўленне – на сваю дэмілітарызацыю. Канчатковае раззбраенне партыі адбылося ў жніўні 2018 г.

Мазамбік – першая з трох паўднёваафрыканскіх краін, якія наведае Пантыфік падчас свайго чарговага Апостальскага падарожжа. Пілігрымка Папы будзе праходзіць з 4 па 10 верасня 2019 г. пад дэвізам “Надзея, супакой і прымірэнне”. У Мазамбіку Францішак правядзе тры дні, падчас якіх сустрэнецца з уладамі і дыпкорпусам краіны, з моладдзю розных рэлігій і мясцовым каталіцкім епіскапатам, наведае сталічны шпіталь і дом для бедных і бяздомных дзяцей і падлеткаў, узначаліць Эўхарыстыю на стадыёне.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 жніўня 2019, 11:43