Францішак з імамам Эль Таебам падчас візіту ў ААЭ Францішак з імамам Эль Таебам падчас візіту ў ААЭ 

Заснаваны Камітэт па ажыццяўленні Дэкларацыі аб братэрстве

У Абу-Дабі, сталіцы ААЭ, заснаваны Камітэт па практычным ажыццяўленні “Дэкларацыі аб братэрстве”, падпісанай у лютым 2019 г. папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмедам Эль Таебам.

Дакумент, зацверджаны двума духоўнымі лідарамі ў лютым 2019 г., падчас візіту Святога Айца ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, увасабляе “сумеснае абвяшчэнне намаганняў па аб’яднанні чалавецтва і працы на карысць міру ў свеце, з тым каб забяспечыць будучым пакаленням магчымасць жыць у атмасферы ўзаемапавагі і здаровага суіснавання”, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні з нагоды заснавання Камітэта.

У тэксце прыводзяцца словы наследнага прынца Абу-Дабі, шэйха Мухамада бэн Заіда Аль Нахаяна, які падкрэслівае, што ідэя стварэння Камітэта ў тым, каб развіваць ініцыятывы, якія б рэалізоўвалі мэты Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні.

Адпаведна, будуць склікацца рэгіянальныя і міжнародныя сустрэчы рэлігійных лідараў і кіраўнікоў міжнародных арганізацый, паскарацца працэдуры прыняцця на нацыянальным узроўні мер па прывіцці культуры ўзаемапавагі і мірнага суіснавання. Яшчэ адным заданнем Камітэта будзе інспектаванне мемарыяльнага музея “Abrahamic Family House”, прысвечанага гістарычнаму візіту Папы і Вялікага імама Аль-Азхар у Абу-Дабі.

У новаствораны Камітэт увайшлі: біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу; прафесар Мухамад Хусэйн Махрасаві, рэктар універсітэта Аль-Азхар; мансеньёр Ёаніс Лахзі Гайд, асабісты сакратар папы Францішка; суддзя Мухамад Махмуд Абдэль Салам, саветнік Вялікага імама; Мухамад Каліфа Аль Мубарак, старшыня Дэпартамента па культуры і турызме Абу-Дабі; Султан Фаісал Аль Румаіці, генеральны сакратар Мусульманскай Рады пажылых людзей; пісьменнік Ясер Харэб Аль Мухаіры. У будучым склад Камітэта можа пашырыцца.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 жніўня 2019, 12:27