Французская манахіня – найстарэйшая жыхарка Еўропы
Манахіня стала найстарэйшай жыхаркай кантынента 18 чэрвеня 2019 г., пасля таго як ва ўзросце 116 гадоў і 90 дзён памерла італьянка Марыя Джузэпа Рабучы-Наргіса. У свеце ёсць толькі адзін чалавек, старэйшы за яе – японка Канэ Танака, якой 116 гадоў.
Доўгажыхарка нарадзілася 15 лютага 1904 г. у горадзе Алес на поўдні Францыі, як Люсіль Рандон. У 1944 г. склала вечныя манаскія абяцанні ў Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, прыняўшы новае імя – Андрэа. Членаў гэтай супольнасці называюць шарыткамі, ад французскага слова “сharité” – “міласэрнасць”.
У маладосці працавала гувернанткай і настаўніцай. Пасля Другой сусветнай вайны на працягу 28 гадоў служыла ў шпіталі горада Вішы, дапамагаючы сіротам і пажылым асобам. З 2009 г. пражывае ў спецыяльным цэнтры для пажылых людзей ў Тулоне.
“Я перасоўваюся на інвалідным вазку і па праўдзе кажучы амаль нічога не бачу. Маім шчасцем з’яўляецца магчымасць штодзённай малітвы”, - прыводзіць словы законніцы каталіцкае агенцтва “Kai” са спасылкай на французскае выданне “Le Parisien”. Адзначаецца, што сястра Андрэа ніколі не прапускае супольнай малітвы. З нагоды 115-годдзя яна атрымала ад Папы спецыяльны ліст і ружанец. Яна таксама з’яўляецца найстарэйшай манахіняй у свеце.