Пошук

Vatican News
Эмблема ААН. Ілюстрацыйнае фота Эмблема ААН. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак пра важнасць Жэнеўскіх канвенцый

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць існавання Жэнеўскіх канвенцый, як значных міжнародных прававых дакументаў, 70 гадоў з дня прыняцця якіх спаўняецца 12 жніўня 2019 г.

Францішак выказаў спадзяванне, што гэты юбілей “паспрыяе большаму ўсведамленню дзяржавамі неабходнасці абароны жыцця і годнасці ахвяр узброеных канфліктаў”.

“Усе павінны выконваць абмежаванні, устаноўленыя міжнародным гуманітарным заканадаўствам, абараняючы бяззбройнае насельніцтва і грамадзянскія структуры, асабліва бальніцы, школы, культавыя месцы, лагеры для бежанцаў. І не будзем забывацца, што вайна і тэрарызм, гэта заўсёды сур’ёзная страта і параза для ўсяго чалавецтва”, - сказаў Папа 11 жніўня 2019 г., сустракаючыся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

У вайны таксама ёсць свае правілы: не забіваць грамадзянскіх асоб і тых, хто ўжо не можа ваяваць, не здзекавацца над палоннымі, аказваць дапамогу параненым усіх бакоў. Гэтыя і іншыя абавязацельствы прапісаны ў Жэнеўскіх канвенцыях, падпісанне якіх адбылося 12 жніўня 1949 г. на Дыпламатычнай канферэнцыі ААН у Жэневе.

Пасля жахаў Другой сусветнай вайны, якая забрала велізарную колькасць жыццяў мірных грамадзян, стала ясна, што патрэбныя нейкія агульныя правілы, у тым ліку па абароне грамадзянскага насельніцтва.

Чатыры Жэнеўскія канвенцыі і Дадатковыя пратаколы да іх, удзельнікамі якіх з’яўляюцца ўсе дзяржавы, – запоўнілі прабелы ў міжнародным гуманітарным праве і сталі яго асновай.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 жніўня 2019, 12:26