Cerca

Vatican News
Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І  (ANSA)

Барталамей І заклікаў хрысціян вяртацца на турэцкі востраў

Патрыярх Канстантынопальскі запрашае хрысціян да вяртання ў Турцыю. Асабліва ён разлічвае на нашчадкаў грэчаскіх праваслаўных сем’яў, якія былі перамешчаныя ў 1920-я гады.

“Вяртайцеся ў дамы вашых продкаў. Многія ўжо зрабілі гэта”, - сказаў Прадстаяцель на сваім родным востраве Імроз. Грэчаскія хрысціяне зніклі з Анатоліі ў выніку грэка-турэцкай вайны ў 1919-22 гг. Тады было забіта 350 тыс. турэцкіх грэкаў. На падставе Лазанскай дамовы 1,3 млн грэкаў былі перамешчаны з Турцыі, а 385 тыс. туркаў з Грэцыі. Гэта не тычылася двух астравоў Імроз і Тэнэдас.

У адпаведнасці з Лазанскай дамовай Імроз перайшоў Турцыі, але большасць яго жыхароў былі грэкамі. У 1965 г. туркі арганізавалі на востраве турму пад адкрытым небам. Асуджаныя, адпраўленыя сюды, мелі поўную свабоду перамяшчэння. Мясцовая супольнасць пакутавала ад гэтага, частымі сталі напады і забойствы. Такім чынам, большасць хрысціян пакінулі востраў: з 12 тыс. у 1965 г. іх засталося ў 2017 г. толькі каля 200.

Як піша La Croix, Патрыярх Барталамей І імкнецца да хрысціянскага адраджэння свайго роднага вострава. Ён пабудаваў там пачатковую школу і калегіум для сем’яў, якія вырашылі вярнуцца, рэстаўраваў усе цэрквы і два манастыры. Цяпер з гэтага сімвалічнага для хрысціян Турцыі месца ён звярнуўся да ўсіх нашчадкаў грэчаскай дыяспары. “Не забывайцеся пра свае карані і вяртайцеся да іх”, - сказаў духоўны Прадстаяцель праваслаўя.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 жніўня 2019, 12:59