Удзельнікі дабрачыннага праекту шпіталя "Bambino Gesu" Удзельнікі дабрачыннага праекту шпіталя "Bambino Gesu" 

Ватыканскія ўрачы дапамагаюць лячыць сірыйскіх дзяцей

Ватыканская педыятрычная клініка “Bambino Gesu” аказвае дапамогу ў павышэнні кваліфікацыі сваіх калег з перыятрычнага шпіталя ў Дамаску – самага буйнога ў Сірыі.

На працягу некалькіх апошніх гадоў клініка “Bambino Gesu” заключыла пагадненні аб супрацоўніцтве з медыцынскімі ўстановамі ў адзінаццаці краінах свету, у тым ліку з Сірыйскім аддзяленнем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Мэта пагаднення – забеспячэнне медыцынскаму персаналу педыятрычнага шпіталя ў Дамаску фармацыі ў чатырох дысцыплінах: лапараскапічнай хірургіі, інвазійнай радыялогіі, інтэнсіўнай тэрапіі і кардыёхірургічнай педыятрыі.

Праект разлічаны на тры гады. У ім прымае ўдзел група, у якую уваходзіць медсястра і чатыры высокакваліфікаваных ватыканскіх урача. Пачынаючы з 2017 г., нягледзячы на баі, якія трывалі ў ваколіцах Дамаску, яны ажыццявілі пяць паездак у Сірыю, дзе правялі шэраг семінараў і практычных заняткаў для сваіх калегаў з гэтай блізкаўсходняй краіны. Апошні візіт адбыўся ў чэрвені 2019 г.

Адна з удзельніц ініцыятывы, 45-гадовы хірург Тамара Кальдара, распавяла італьянскаму выданню “La Stampa”, што кожны візіт групы ў Сірыю доўжыцца сем дзён. Было вырашана рабіць паездкі кароткімі, але частымі, каб не падвяргацца лішняй небяспецы і мець магчымасць працягваць працаваць з пацыентамі “Bambino Gesu” у Рыме.

Усе мясцовыя ўрачы, якім дапамагае ватыканская каманда – мусульмане. Нягледзячы на розніцу ў веравызнанні паміж імі склаліся добразычлівыя і даверлівыя адносіны. “Рэлігійная прыналежнасць не з’яўляецца праблемай. Паміж місіямі мы застаемся ў кантакце: паміж намі нарадзілася вельмі моцная прафесійная і чалавечая сувязь”, - падзялілася Тамара Кальдара.

Па ініцыятыве Апостальскага нунцыя ў Сірыі, кардынала Марыё Дзэнары, у гэтай краіне праходзіць кампанія “Адкрыты шпіталь”. Гаворка ідзе пра бясплатную праграму аховы здароўя для ахвяр вайны, якая дзейнічае ўжо два гады ў трох каталіцкіх бальніцах: першая знаходзіцца ў Алепа, дзве іншыя – у Дамаску.

У Сірыі знішчана 54% бальніц і клінік. З пачатку 2019 г. тут было забіта каля 700 гуманітарных работнікаў і знішчана 30 медыцынскіх устаноў.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 ліпеня 2019, 10:22