Пошук

Croce, crocifisso Croce, crocifisso 

Папскі дыпламат: рэлігійная свабода – умова для спасціжэння праўды

У некаторых частках свету адбываецца пэўнага роду генацыд хрысціян, якому спадарожнічае абыякавасць з боку міжнароднай супольнасці, заўважыў падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Мансеньёр Антуан Камільеры прыняў удзел у прэзентацыі новага дакладу аб пераследзе хрысціян у свеце. Яна прайшла ў рымскім Санктуарыі Навамучанікаў – касцёле св. Барталамея на Тыберынскім востраве ў цэнтры італьянскай сталіцы.

“Захаваць прысутнасць хрысціянскіх супольнасцей, асабліва там, дзе яны не складаюць большасць насельніцтва, гэта больш чым сімвалічны выклік: гэта моцнае сведчанне веры і дэманстрацыя таго, што мірнае суіснаванне ва ўмовах рэлігійнага плюралізму будзе магчымым, калі будзе паважаецца годнасць кожнага чалавека”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце хрысціянства сістэматычна выцясняецца з грамадскай і культурнай сферы, у тым ліку на тых тэрыторыях, адкуль яно паходзіць. Яшчэ адна “рэальнасць, якая выклікае трывогу”, гэта “пэўнага роду генацыд, выкліканы агульнай і калектыўнай абыякавасцю”.

“[Дыскрымінацыя, насілле і пераслед, асабліва па прычыне рэлігіі і перакананняў чалавека – маральна непрымальныя і заслугоўваюць асуджэння]”

, - сцвердзіў дыпламат.

“На працягу апошніх гадоў мы былі сведкамі нападаў на групы і асобных людзей у розных рэлігійных кантэкстах з боку тэрарыстаў, экстрэмісцкіх груп і рэлігійных фанатыкаў, якія не маюць ніякай павагі да жыцця тых, хто верыць не так як яны. Гэта феномен, які тычыцца многіх рэлігійных супольнасцей у свеце”, - дадаў ён.

Мансеньёр Камільеры звярнуў увагу на рызыку “палітычнай маніпуляцыі рэлігіямі”. На яго думку, палітычныя ўлады павінны задаць сабе пытанне адносна таго ці дастаткова яны бароняць рэлігійную свабоду і не дапускаюць пераследу. Вельмі часта здараецца так, што палітыкі не апраўдваюць або нават асуджаюць такія дзеянні, але адначасова падтрымліваюць іх палітычным, эканамічным, ваенным ці іншым чынам або проста глядзяць скрозь пальцы на парушэнні фундаментальных свабодаў.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі зазначыў, што на жаль большасць адказных за злачынствы ў гэтай сферы застаецца непараканымі, а міжнародная супольнасць не надае належнай увагі феномену. У гэтым сэнсе Святы Пасад занепакоены пераследам не толькі хрысціян, але вернікаў усіх рэлігій. Такі пераслед – гэта напад на самую фундаментальную свабоду чалавека, дадаў ён.

“[Сітуацыя хрысціян, якія пакутуюць ад катаванняў і смерці – асабліва балючая для тых з нас, хто мае з імі глыбокую духоўную сувязь]”

, - падкрэсліў святар

Падсакратар па адносінах з дзяржавамі звярнуў увагу на такую форму рэлігійнай дыскрымінацыі, якая ўсё больш і больш пашыраецца ў дэмакратычных краінах і тычыцца “крыміналізацыі ці накладання санкцый на рэлігійных лідэраў, калі яны абвяшчаюць прынцыпы сваёй веры, асабліва тыя, што адносяцца да сферы жыцця, сужэнства і сям’і”.

Рэлігійная свабода – гэта не толькі культурнае ці прававое пытанне. Яно ўкаранёнае ў годнасці чалавека і з’яўляецца “умовай для спасціжэння праўды, якая не навязваецца сілай”. У такім сэнсе “рэлігія можа быць важным фактарам для адзінства і міру ўнутры чалавечай сям’і”, да дасягнення якіх патрэбны таксама “разважлівы пошук агульнага дабра” і дыялог.

Патрэба ў міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу, адкрытым і шчырым – гэта адзін з сродкаў, каб пераадолець праблему пераследу, а таксама важны аспект для прызнання роўнасці паміж людзьмі. Большая частка канстытуцый сцвярджае, што ўсе грамадзяне з’яўляюцца роўнымі, нават калі “рост нацыяналізму ў некаторых краінах, злучаны з агрэсіўным сцвярджэннем рэлігійнай тоеснасці, можа лёгка прывесці да рэлігійнага фундаменталізму”, папярэдзіў ватыканскі дыпламат.

Мансеньёр Камільеры зазначыў, што людзі, якія не прыналежаць да этнічнай ці рэлігійнай большасці, могуць сустракацца з дыскрымінацыяй, маргіналізацыяй і пераследам, таму што большасць разумее дзяржаву як сваю эксклюзіўную ўласнасць, абмяжоўваючы тых, хто мае іншае веравызнанне.

Згодна са справаздачай Папскага фонда “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, каля 300 млн. хрысціян падвяргаюцца ганенням за веру. Гаворка ідзе пра самую пераследаваную рэлігійную групу ў свеце.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 ліпеня 2019, 11:01