Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: трэба рабіць больш, каб перамагчы голад

У 2018 г. больш за 820 млн. чалавек на планеце сутыкаліся з праблемай недаядання. Даклад ААН аб сітуацыі з голадам у свеце быў прадстаўлены 15 ліпеня 2019 г. у Нью-Ёрку.

“Міжнародная супольнасць павінна рабіць больш”, каб вырашыць праблемы ў сферы харчовай бяспекі, але “адсутнічае воля, асабліва, каб пераадолець прычыны, выкліканыя чалавечым фактарам, такія як канфлікты, эканамічны крызіс, кліматычныя змены”, заўважыў мансеньёр Фэрнанда Кіка Арэлана.

У каментары для Vatican News Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Харчовай і сельскагадаспадарчай арганізацыі, Міжнародным фондзе сельскагаспадарчага развіцця і Cусветнай харчовай праграме падкрэсліў, што паказчыкі голаду і недаядання растуць на працягу апошніх трох гадоў.

У той жа час ААН звяртае ўвагу на яшчэ адну праблему – усё больш і больш людзей пакутуе ад атлусцення. Яно тычыцца 672 млн. чалавек або кожнага восьмага жыхара планеты. Такім чынам гаворка ідзе не толькі пра недаяданне, але таксама пра кепскае харчаванне, зазначыў святар.

Мансеньёр Арэлана падкрэсліў, што рабіць свой укдад у барацьбу з голадам можа кожны чалавек. Першае, што можна рабіць – гэта ашчадна ставіцца да прадуктаў харчавання, а таксама не быць абыякавымі, як некаторыя персанажы з евангельскай прыпавесці пра Добрага самараніна, што праходзілі побач з патрабуючым, не звяртаючы ўвагі на яго пакуты, сказаў ватыканскі дыпламат.

Другое – арганізаваць дапамогу бедным на парафіяльным узроўні ці на ўзроўні грамадскай супольнасці. Мансеньёр Арэлана падкрэсліў, што існуе мноства цудоўных ініцыятыў у гэтай сферы.

Нарэшце, важнай з’яўляецца таксама салідарнасць на ўзроўні міжнароднай супольнасці. Неабходна прыкладаць больш намаганняў, бо калі мы не пераможам голад, усе іншыя мэты, якія міжнародная супольнасць хоча дасягнуць да 2030 г., будуць недасягальнымі, папярэдзіў дыпламат, нагадваючы пра сувязь, што існуе паміж голадам, войнамі, няроўнасцю.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 ліпеня 2019, 14:50