Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа моліцца за мігрантаў, якія загінулі ў Міжземным моры

Папа выказаў свой смутак у сувязі з гібеллю мігрантаў у Міжземным моры. Адмысловы заклік ён скіраваў падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 28 ліпеня 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

“Я са смуткам прыняў навіну пра драматычнае караблекрушэнне, якое здарылася некалькі дзён таму ў водах Міжземнага мора і ў выніку якога згубілі жыццё дзясяткі мігрантаў, сярод якіх жанчыны і дзеці. Зноў настойліва заклікаю міжнародную супольнасць дзейнічаць хутка і рашуча, каб пазбегнуць паўтарэння падобных трагедый, а таксама гарантаваць бяспеку і годнасць усім. Запрашаю вас памаліцца разам са мной за ахвяр і іх сем’і, а таксама ў сэрцы пытацца ў Айца: “Чаму?”, - сказаў Святы Айцец.

Судна, на борце якога знаходзілася каля 350 мігрантаў з афрыканскіх краін, пацярпела крушэнне ля берагоў Лівіі. Мяркуецца, што загінулі больш за 150 чалавек. Каля 150 мігрантаў былі выратаваны берагавой аховай і мясцовымі рыбакамі.

Паводле апошніх дадзеных, з пачатку 2019 г. колькасць мігрантаў, якія загінулі ў Міжземным моры, перавысіла 600 чалавек. За 2018 г. патанулі каля 2300 чалавек, якія спрабавалі дабрацца да Еўропы. Асабліва складаная сітуацыя на шляху паміж Лівіяй і Італіяй.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 ліпеня 2019, 12:15