Пошук

Папа Францішак і Вялікі імам Ахмед аль-Таеб Папа Францішак і Вялікі імам Ахмед аль-Таеб 

Мусульманскія лідэры падтрымалі Дэкларацыю аб братэрстве

22 мусульманскія лідэры і прадстаўнікі суніцкай, шыіцкай і суфісцкай інтэлегенцыі выказаліся ў падтрымку Дэкларацыі аб братэрстве, якую Папа і Вялікі імам Ахмед аль-Таеб падпісалі ў Абу-Дабі.

Дэкларацыя стала “зыходным пунктам і пунктам незвароту”, падкрэсліваецца ў дакуменце пад назвай “Братэрства дзеля ўзаемнага знаёмства і супрацоўніцтва”, які быў апублікаваны на 15-ці старонках ісламскімі інтэлектуаламі з розных краін свету.

Лютаўская дэкларацыя называецца імі “беспрэцэдэнтнай інстытуцыйнай падзеяй у гісторыі адносін паміж хрысціянамі і мусульманамі”, адкрыццём новага этапу, скіраванага на “прызнанне законнасці і правідэнцыйнай разнастайнасці адкрыцця, тэалогіі, рэлігіі, моў і рэлігійных супольнасцей”.

Мусульманскія лідэры зазначылі, што разнастайнасць больш не разглядаецца “як заклік да заваявання, празелітызму, або ў якасці прычыны для паказной цярпімасці”, але як магчымасць для рэалізацыі братэрства, якое з’яўляецца “пакліканнем і ўтрымліваецца ў Божай задуме аб стварэнні”.

Прадстаўнікі ісламскага свету патлумачылі, што іх дакумент пакліканы спрыяць рэфлексіі “над Дэкларацыяй, яе метадам і мовай”, а таксама “абмеркаванню ў духу братэрства, не выключаючы крытычных меркаванняў, але, пры гэтым, не дапускаючы яе ігнаравання па ідэалагічным ці палітычным прычынам”.

Папа Францішак і Вялікі імам Аль-Азхар у Каіры, шэйх Ахмед Эль Таеб, падпісалі гістарычную Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні 4 лютага 2019 г. У дакуменце рашуча асуджаецца тэрарызм і насілле, гучыць заклік да пашырэння талерантнасці і міру ў свеце, абароны правоў кожнага чалавека, асабліва жанчын і дзяцей.

Мусульманскія інтэлектуалы не ўпершыню выказваюць салідарнасць з Рымскімі Пантыфікамі. У 2007 г. ліст салідарнасці з Бэнэдыктам XVI падпісалі 138 прадстаўнікоў ісламскай інтэлегенцыі. У 2016 г. яны выступалі ў падтрымку Маракешскай дэкларацыі аб рэлігійных меншасцях.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 ліпеня 2019, 12:57