Пошук

Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: Касцёл лечыць целы і душы па прыкладзе Езуса

Наследуючы прыклад Езуса, Лекара цела і душы, Касцёл заўжды быў побач з хворымі, каб лячыць, дапамагаць, суцяшаць і суправаджаць іх, зазначыў кардынал Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы ўзначаліў св. Імшу, падчас якой адбылося асвячэнне новай капліцы ў дзяржаўным шпіталі Санта-Марыя-Дэла-Навічэла ў горадзе Кьёджа на поўначы Італіі.

У гаміліі высокі ватыканскі іерарх падкрэсліў, што менавіта ад Пана Касцёл атрымаў місію абвяшчэння Евангелля і аздараўлення хворых, а таксама “сілу і ўладу”, неад’емныя для належнай і плённай дзейнасці ў сферы аховы здароўя.

Паводле кардынала, душпастырства хворых павінна характарызаваць увага, блізкасць, прысутнасць, слуханне, дыялог, дзяленне і канкрэтная дапамога. Літургія з’яўляецца “крыніцай і кульмінацыяй” усяго гэтага, бо ставячы ў цэнтр уласнай дзейнасці таямніцу Хрыста, людзі атрымліваюць здольнасць скіроўваць сваё жыццё да наследавання Пана. “Гэта выклік для ўсяго Касцёла і не толькі для тых, хто працуе ў шпіталях!”, - сказаў ён.

Кардынал Паралін зазначыў, што шпітальная капліца з’яўляецца не проста месцам “публічнай і прыватнай малітвы і суцяшэння для пакутуючых”, але, у першую чаргу, “невычэрпнай крыніцы той збаўчай ласкі, якая здольная аздараўляць чалавека ва ўсіх яго вымярэннях: фізічным, псіхалагічным і духоўным”.

“Рэкі ласкі злучаюцца з усімі іншымі тэрапеўтычнымі і медыцынскімі дзеяннямі, якія праводзяцца ў шпіталі, каб шлях аздараўлення чалавека, не завяршаўся толькі вяртаннем здароўя целу, але адкрываўся на боскі і вечны гарызонт той паўнаты жыцця, якую падарыў нам Пан Езус: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку”, - падкрэсліў Дзяржсакратар.

Спасылаючыся на сімвалы і выявы, змешчаныя на вітражах новай капліцы, кардынал Паралін заўважыў, што яны нагадваюць пра таямніцу Божай міласэрнасці. Ён прыгадаў словы Папы пра тое, што “міласэрнасць – гэта найбольшая цнота, бо яе сутнасць заключаецца ў тым, каб даваць сябе іншым, больш за тое, каб аблегчыць іхнюю беднасць; гэта з’яўляецца доказам перавагі. Таму міласэрнасць – гэта ўласцівасць Бога, бо ў ёй найбольш выразна выяўляецца Яго ўсемагутнасць” (Evangelii gaudium, 37).

“Каб наблізіцца да гэтай таямніцы патрэбна глыбокае навяртанне і змена мыслення, якія пачынаюцца са злучэння патрэбы чалавека ў здароўі з патрэбай у збаўленні”, - сцвердзіў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 ліпеня 2019, 14:16