Пошук

Мэры Эн Глэндан Мэры Эн Глэндан 

Былая старшыня Папскай акадэміі на высокай пасадзе ў ЗША

Былая старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук і былы пасол ЗША пры Святым Пасадзе прызначана старшынёй Камісіі па непарушных правах, створанай пры Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

80-гадовая каталічка, прафесар юрыспрудэнцыі з Гарвардскага ўніверсітэта, Мэры Эн Глэндан будзе займацца пытаннямі да якіх, між іншых, адносіцца рэлігійная свабода.

Аб стварэнні новай структуры абвясціў 8 ліпеня 2019 г. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Ён распавёў, што Камісія будзе займацца пераглядам ролі правоў чалавека ў амерыканскай знешняй палітыцы. У яе склад будуць уваходзіць эксперты па правах чалавека і актывісты, якія прадстаўляюць увесь палітычны спектр.

Паводле Пампеа, дзяржава павінна сачыць, каб дэбаты аб правах чалавека “не выкарыстоўваліся ў сумнеўных ці кепскіх мэтах”. “У сітуацыях, калі распаўсюджваюцца прэтэнзіі адносна правоў чалавека, некаторыя прэтэнзіі ўваходзяць у супярэчнасць з іншымі, уздымаючы пытанні і дыскусіі пра тое, якія правы трэба паважаць”, - дадаў палітык.

Мэры Глэндан, у сваю чаргу, звярнула ўвагу на той факт, што “многія людзі памылкова разумеюць фундаментальныя правы чалавека, маніпулююць імі, а вялікая колькасць найгоршых парушальнікаў правоў чалавека ігнаруе іх”.

Мэры Эн Глэндан была паслом ЗША пры Апостальскай Сталіцы ў перыяд з 2008 па 2009 г. З 2004 па 2014 гг. яна з'яўлялася старшынёй Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 ліпеня 2019, 14:31