Кардынал Дзэнары падчас сустрэчы з Францішкам Кардынал Дзэнары падчас сустрэчы з Францішкам 

Апостальскі нунцый: Папа просіць абараніць насельніцтва Сірыі

Ліст Папы да Прэзідэнта Сірыі – гэта чарговае пацвярджэнне таго, наколькі блізка ён успрымае пакуты насельніцтва гэтай краіны, падкрэсліў кардынал Марыё Дзэнары.

Апостальскі нунцый перакананы, што канфлікт у Сірыі з’яўляецца “часткай той сусветнай вайны”, пра якую часта кажа Францішак. Ён нагадаў, што Другая сусветная вайна працягвалася шэсць гадоў, у той час як сірыйскаму канфлікту пайшоў ужо дзявяты год.

Дыпламат адзначыў, што па прапорцыях забітых, параненых і абяздоленых – гэта самая цяжкая гуманітарная катастрофа, выкліканая чалавекам з часоў Другой сусветнай вайны. Колькасць унутраных бежанцаў у Сірыі складае больш за 6 мільёнаў чалавек. Яшчэ каля 5 мільёнаў сірыйцаў знайшлі прытулак у бліжэйшых краінах, распавёў кардынал Дзэнары ў інтэрв’ю італьянскаму агенцтву “SIR”.

Апостальскі нунцый зазначыў, што ліст Францішка, які 22 ліпеня 2019 г. быў уручаны Башару Асаду, мае гуманітарны характар і з’яўляецца выразам блізкасці Святога Айца да насельніцтва Сірыі, асабліва правінцыі Ідліб, дзе баявыя дзеянні пагражаюць сапраўднай гуманітарнай катастрофай вялізных памераў.

“На гэтай тэрыторыі знаходзіцца каля 3 мільёнаў мірных жыхароў, якія апынуліся паміж дзвюма агнямі”, - заўважыў дыпламат. Паводле яго, папскі ліст з’яўляецца таксама заклікам паважаць міжнароднае гуманітарнае права, якое ў першую чаргу прадугледжвае абарону мірнага насельніцтва і такой інфраструктуры як школы, шпіталі, рынкі.

Гаворачы аб дыпламатычнай каштоўнасці ініцыятывы Святога Айца, кардынал Дзэнары падкрэсліў, што яго ліст да Башара Асада – гэта “заклік падвоіць намаганні, каб у першую чаргу спыніць жудасныя пакуты грамадзянскага насельніцтва, абараніць яго і знайсці палітычнае рашэнне”.

“У Сірыі людзі, нават там, дзе не падаюць бомбы, кажуць, што знаходзяцца пад пагрозай эканамічнай вайны. Бомбы больш не падаюць на Дамаск, Хомс і іншыя гарады, але ёсць бомба беднасці. Паводле ААН, яна б’е па 80% сірыйскага насельніцтва, вымушанага жыць за парогам беднасці”, - звярнуў увагу ватыканскі дыпламат.

Кардынал Дзэнары заўважыў, што ўплыў на пакуты насельніцтва аказваюць таксама міжнародныя эканамічныя санкцыі. Ён паставіў у прыклад сітуацыю, што склалася ў Сірыі ў сувязі з халадамі, якія зацягнуліся пасля зімы. У выніку нафтавага эмбарга, накладзенага на краіну, не хапала паліва, каб запусціць абагравальныя сістэмы і ад гэтага пакутавалі простыя людзі.

Францішак перадаў ліст Башару Асаду праз кардынала Пітэра Тарксана, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, які наведаў Дамаск. Паведамлялася, што ў ім Папа выказаў “глыбокую заклапочанасць гуманітарнай сітуацыяй у Сірыі, асабліва драматычным становішчам грамадзянскага насельніцтва Ідліба”.

Пра змест паслання распавёў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, які заўважыў, што ў ім гучыць заклік абараніць мірнае насельніцтва і інфраструктуру, шукаць прымірэння і вырашэння канфлікту шляхам дыялогу, стварыць умовы для вяртання бежанцаў, вызваліць зняволеных, даць доступ сем’ям да інфармацыі пра іх блізкіх, выказваецца занепакоенасць лёсам палітычных вязняў.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 ліпеня 2019, 10:00