Святая Зямля. Ілюстрацыйнае фота Святая Зямля. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад падтрымлівае План ААН па ахове месцаў культу

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН, выступіў 11 чэрвеня 2019 г. у Нью-Ёрку на кансультацыях па Плане дзеянняў па ахове месцаў культу і іншых рэлігійных месцаў.

Нягледзячы на трывалую прававую базу, якая абараняе права на свабоду веравызнання, мы па-ранейшаму назіраем у свеце трывожны рост колькасці актаў нецярпімасці, дыскрымінацыі, пераследу і нават генацыду супраць вернікаў, - звярнуў увагу ватыканскі дыпламат. Ён адзначыў, што План дзеянняў ААН стане крокам у правільным кірунку, паколькі абарона месцаў культу з’яўляецца прамым следствам абароны свабоды думкі, сумлення і рэлігіі.

Святы Пасад чакае, што План асудзіць не толькі тэрарызм ва ўсіх яго формах, але і напады на месцы культу і ўсе віды ідэалогіі, якія падтрымліваюць гэтыя дзеянні, а таксама пакладзе адказнасць на дзяржавы за абарону роўнасці ўсіх грамадзян, незалежна ад іх рэлігійнай і этнічнай ідэнтычнасці.

У дакуменце, на думку ватыканскага боку, павінен прагучаць заклік да рэлігійных і палітычных лідараў, а таксама да экстрэмістаў і фундаменталістаў, спыніць выкарыстанне імя Бога для апраўдання забойстваў, высылкі, тэрарызму і прыгнёту.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 чэрвеня 2019, 14:32