Пошук

Vatican News
Палестынскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота Палестынскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад дапамагае палестынскім бежанцам і жыхарам Палестыны

Святы Пасад лічыць, што адсутнасць перспектыў на Блізкім Усходзе, у першую чаргу для маладых людзей, спрыяе далейшаму пагаршэнню сітуацыі ў сферы бяспекі ў рэгіёне.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у пасяджэнні Спецыяльнага камітэта Генеральнай Асамблеі ААН па аказанні дапамогі палестынскім бежанцам на Блізкім Усходзе. Яно прайшло ў Нью-Ёрку 25 чэрвеня 2019 г.

Ватыканскі дыпламат заявіў аб жаданні Святога Пасаду ўнесці “сціплы ўклад у памеры 40 тыс. долараў” у ААН-аўскі праект, звязаны з дапамогай дзецям у палестынскіх лагерах бежанцаў. Ён нагадаў, што розныя каталіцкія фонды і арганізацыі прапануюць палестынскім бежанцам адукацыйныя магчымасці, ахову здароўя і сацыяльныя паслугі. Гэтая дзейнасць стала магчымай “шчодрым ахвярадаўцам”, звязаным з Каталіцкім Касцёлам.

Прадстаўнік Святога Пасаду паведаміў, што гуманітарныя праграмы не абмяжоўваюцца толькі гэтым – дапамога аказваецца і палестынцам у самой Палестыне. Місія пастаяннага прадстаўніка Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый дапамагае ў зборы сродкаў на тысячы стыпендый для студэнтаў, а таксама на субсідзіраванне медыцынскай дапамогі і бясплатнае лячэнне ў бальніцы Святой Сям’і ў Бэтлееме.

Святы Пасад спадзяецца, што неўзабаве Ізраіль і Палестына прыйдуць шляхам аднаўлення перамоў да справядлівага і трывалага рашэння, што паспрыяе жыццю ў міры і бяспецы ў міжнародна прызнаных межах.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 чэрвеня 2019, 12:12