Падчас урачыстасцяў у Нармандыі. Ілюстрацыйнае фота Падчас урачыстасцяў у Нармандыі. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец даслаў тэлеграму на ўрачыстасці ў Нармандыі

Святкаванне гадавіны высадкі дэсанту саюзнікаў у Нармандыі з’яўляецца запрашэннем для Еўропы, хрысціян і вернікаў іншых рэлігій, людзей добрай волі, садзейнічаць “сапраўднаму паўсюднаму братэрству”.

Аб гэтым Францішак напісаў у спецыяльнай тэлеграме, якую даслаў на імя пастыра дыяцэзіі Баё-Лізьё Жан-Клода Булангера з нагоды 75-годдзя “Дня Д”. Пантыфік заклікаў да падтрымкі і пашырэння “культуры сустрэчы і дыялогу, накіраванай на ўвагу да малых і бедных”.

6 чэрвеня 1944 г. у Нармандыі адбылася гістарычная падзея, якая “мела вырашальнае значэнне ў барацьбе з нацысцкім варварствам і праклала шлях да заканчэння вайны”, - напісаў Святы Айцец, з удзячнасцю ўспамінаючы “ўсіх салдат з розных краін, уключаючы Францыю, якія праявілі мужнасць, прысвяціўшы сябе і аддаўшы сваё жыццё ў імя свабоды і міру”.

“[Я даручаю іх бязмежнай міласэрнай любові Пана, роўна як і мільёны ахвяр гэтай вайны, не забываючы пра тых, хто ваяваў з нямецкага боку ў паслухмянстве рэжыму, працятаму забойчай ідэалогіяй]”

, - гаворыцца ў папскай тэлеграме.

Францішак выказаў надзею, што мемарыяльныя ўрачыстасці дадуць цвёрдае пацвярджэнне таго, што “мір заснаваны на павазе да кожнага чалавека, незалежна ад яго гісторыі, на павазе да закона і агульнага дабра, да стварэння, даверанага нам, і да маральнага багацця, атрыманага ад папярэдніх пакаленняў”.

Памятныя ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 75-й гадавіны высадкі саюзнікаў у Нармандыі адбыліся 6 чэрвеня 2019 г. у Францыі. Напярэдадні ў брытанскім Портсмуце прайшла буйная цырымонія, прымеркаваная да так званага “Дня Д”. На ёй прысутнічалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 16 краін. Святы Пасад прадстаўляў кардынал Марк Уэле.

Высадка ў Нармандыі пачалася 6 чэрвеня 1944 г., у ёй удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Канада і іх саюзнікі. У аперацыі былі задзейнічаныя 156 тыс. чалавек. Гэта была першая частка стратэгічнай аперацыі “Оверлорд” – найбуйнейшай дэсантнай аперацыяй у гісторыі – у ёй удзельнічалі больш за 3 мільёны чалавек, – якая прадугледжвала вызваленне саюзнікамі паўночна-заходняй Францыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 чэрвеня 2019, 13:02