Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра сувязь паміж працай і развіццём свету

У пасланні да 108-й Міжнароднай канферэнцыі па працы Францішак падкрэсліў сувязь паміж працай і развіццём узаемазвязанага свету. Яно было апублікавана 26 чэрвеня 2019 г. у Ватыкане.

“Нам патрэбныя людзі і ўстановы, якія абараняюць годнасць работнікаў, годнасць кожнай працы і дабрабыт Зямлі, нашага агульнага дома!”, - напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў форума, які праходзіў з 10 па 21 чэрвеня 2019 г. у Жэневе.

Пантыфік звярнуў увагу на “сур’ёзныя праблемы” беспрацоўя, эксплуатацыі, рабства і несправядлівай заработнай платы, якія існуюць, нягледзячы на намаганні па ўмацаванні сацыяльнай справядлівасці. Праца, па сутнасці, неабходная не толькі для рэалізацыі чалавека, але і для сацыяльнага развіцця.

Папа падкрэсліў, што чалавека нельга разглядаць як просты інструмент у ланцужку вытворчасці тавараў і паслуг; асоба мае прыярытэт над любым іншым фактарам вытворчасці, уключаючы капітал. Таму трэба абараняць працоўныя месцы і ствараць новыя прапарцыйна павелічэнню эканамічнай прыбытковасці, а таксама гарантаваць годнасць самой працы.

На думку Святога Айца, новы курс устойлівага эканамічнага развіцця павінен ставіць чалавека і працу ў цэнтры, спрабуючы інтэграваць пытанні працы з экалагічнымі праблемамі.

Папа звяртае ўвагу, што крытэрыем справядлівасці, у першую чаргу, з’яўляецца прымяненне прынцыпу “ўніверсальнага прызначэння рэсурсаў зямлі”, дзе гарантаванне “права кожнага на іх выкарыстанне” з’яўляецца “фундаментальным прынцыпам усяго этычна-сацыяльнага парадку”.

У кантэксце чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі, якая характарызуецца хуткай і ўдасканаленай лічбавай тэхналогіяй, робататэхнікай і штучным інтэлектам, свету патрэбныя такія інстытуты, як Міжнародная арганізацыя працы, лічыць Францішак. Гэта шанс на аспрэчванне распаўсюджанага таксічнага менталітэту, для якога не маюць значэння праблемы чалавека і навакольнага асяроддзя.

Пантыфік заклікаў удзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі па працы клапаціцца пра Зямлю і будучыню новых пакаленняў. Існуе “фундаментальнае пытанне справядлівасці паміж пакаленнямі”, таму што свет, які мы атрымалі, належыць і тым, хто будзе ісці за намі”, - падкрэсліў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 чэрвеня 2019, 13:28