Шпіталь у Рэймсе, у якім знаходзіцца Вэнсан Ламбэр Шпіталь у Рэймсе, у якім знаходзіцца Вэнсан Ламбэр  

Святы Пасад пра сітуацыю Вэнсана Ламбэра

Святы Пасад скіраваў спецыяльнае паведамленне ў сувязі з сітуацыяй Вэнсана Ламбэра – 42-гадовага француза, які ўжо больш за дзесяць гадоў знаходзіцца ў коме.

У 2008 г. Вэнсан Ламбэр трапіў у сур’ёзную аўтамабільную аварыю, пасля чаго знаходзіцца ў “хранічным вегетатыўным стане”. У красавіку 2019 г. Дзяржаўны савет Францыі пастанавіў адключыць яго ад сістэмы штучнага харчавання і гідратацыі. Гэта рашэнне падтрымала яго жонка і шасцёра з васьмі братоў і сясцёр. Тым не менш, бацькі Ламбэра працягваюць барацьбу за яго права на жыццё, аспрэчваючы рашэнне ў французскіх і еўрапейскіх інстанцыях. 21 мая іх бок заняў Парыжскі апеляцыйны суд.

“Мы зноў заяўляем аб сур’ёзным насіллі над годнасцю асобы, да якога вядзе спыненне харчавання і гідратацыі. “Вегетатыўны стан” – гэта, безумоўна, цяжкое паталагічнае становішча, але яно ніякім чынам не закранае ні годнасці людзей, што знаходзяцца ў такой сітуацыі, ні іх асноўнае права на жыццё і клопат, якое разумецца як няспынны базавы дагляд за чалавекам”, - гаворыцца ў сумеснай заяве кардынала Кэвіна Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, старшыні Папскай акадэміі жыцця і Вялікага Канцлера Папскага тэалагічнага інстытута імя Яна Паўла ІІ па даследаванні сужэнства і сям’і.

Падкрэсліваецца, што “харчаванне і гідратацыя, з’яўляюцца формай асноўнага дагляду, заўсёды прапарцыянальнага захаванню жыцця”. “Забяспечваць харчаванне хвораму – гэта ні ў якім разе не праява нерацыянальнай тэрапеўтычнай настойлівасці да таго часу, пакуль арганізм чалавека ў стане засвойваць харчаванне і гідратацыю, за выключэннем тых выпадкаў, калі гэта выклікае нязносныя пакуты і наносіць шкоду пацыенту”, - гаворыцца ў дакуменце.

“Спыненне такога дагляду азначае, хутчэй, што хворага пакідаюць на волю лёсу, абапіраючыся на бязлітаснае суджэнне аб якасці яго жыцця, што выражае “культуру адчужэння”, якая праводзіць селекцыю сярод самых слабых і безабаронных, не прызнаючы іх выключнасць і бязмежную каштоўнасць”, - падкрэслілі ватыканскія іерархі.

Напрыканцы паведамлення, кардынал Фарэл і арцыбіскуп Палья выказалі надзею на тое, што як мага хутчэй будуць знойдзены эфектыўныя рашэнні, каб абараніць жыццё спадара Ламбэра.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

22 мая 2019, 12:15