Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра барацьбу з незаконнымі фінансамі

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выказаў пазіцыю Святога Пасаду адносна барацьбы з незаконнымі фінансавымі патокамі і ўмацавання належнай практыкі па забеспячэнні актываў.

На нарадзе, якая праходзіла 16 мая 2019 г. у нью-ёркскай сядзібе ААН, ватыканскі дыпламат заўважыў, што незаконныя фінансавыя патокі (IFFS) уяўляюць сабой сур’ёзную праблему для развіцця, таму што, паразітуючы на дзяржаўных выдатках і скарачаючы капітал для прыватных інвестыцый, яны пазбаўляюць краіны, якія развіваюцца, вельмі неабходных рэсурсаў для дзяржаўных паслуг, праграм скарачэння беднасці і паляпшэння інфраструктуры. Нелегальныя патокі таксама стымулююць злачынную дзейнасць і падрываюць вяршэнства закона і палітычнай стабільнасці. Іх шырокі распаўсюд сведчыць аб наяўнасці транснацыянальнай злачыннасці, карупцыі, адмывання грошай, ухілення ад выплаты падаткаў, слабых інстытутах і адсутнасці падсправаздачнасці.

Асаблівы непакой Святога Пасаду выклікаюць незаконныя фінансавыя патокі, звязаныя з гандлем людзьмі. Было падлічана, што нелегальныя даходы, атрыманыя ад прымусовай працы і сексуальнай эксплуатацыі складаюць каля 150 мільярдаў долараў ЗША ў год, а прыбытак ад незаконнага абароту органаў блізкі да 1,2 мільярда долараў ЗША. Гандаль людзьмі з’яўляецца фактычна адным з найбольш значных генератараў злачынных даходаў у свеце, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

Іншы сегмент незаконных фінансаў звязаны з нерацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў. Карупцыя і слабое правапрымяненне ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для рыбалоўства, лясоў і біялагічнай разнастайнасці. І наступствы ўсяго гэтага нясуць на сабе самыя бедныя слаі насельніцтва.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на праблему транснацыянальнай перадачы незаконных прыбыткаў з бедных краін у багатыя эканомікі. Менавіта таму, на думку Святога Пасаду, барацьба патрабуе моцнага міжнароднага супрацоўніцтва і ўзгодненых дзеянняў з боку як развітых эканомік, так і краін, якія развіваюцца.

Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу, што самая вялікая праблема, якая стаіць перад чалавецтва, не тэхналагічная ці фінансавая, паколькі свет дастаткова багаты, каб павялічыць інвестыцыі ў інфраструктуру і ноу-хаў. Праблема, перш за ўсё, этычная: знайсці спосабы, якія дазволяць усім і кожнаму справядліва атрымаць карысць з рэсурсаў зямлі і чалавечай вынаходлівасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 мая 2019, 11:34