Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: абараніць і падтрымаць сям’ю

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай міжрэлігійнаму супрацоўніцтву на карысць сям’і, арганізаванай 14 мая 2019 г. у Жэневе Сусветнай Радай Цэркваў.

“Сям’я заўсёды застаецца ячэйкай грамадства і асноўным месцам выхавання. Гэта супольнасць любові і жыцця, у якой кожны чалавек вучыцца адносінам з іншымі і навакольным светам”, - нагадаў у пачатку прамовы арцыбіскуп Іван Юркавіч. Ён звярнуў увагу, што, нягледзячы на сённяшнія сацыяльныя цяжкасці, шматлікія сем’і працягваюць сведчыць каштоўнасці, якія з’яўляюцца асновай інстытута сям’і.

Іерарх падкрэсліў, што “адсутнасць сямейнай сувязі і салідарнасці, сілкаваных альтруізмам і прабачэннем, можа прывесці да драматычных сітуацый”, калі мільёны дзяцей і маладых людзей, застаючыся без належнай апекі, рызыкуюць стаць ахвярамі прымусовай працы і сексуальнай эксплуатацыі. Акрамя таго, у апошнія гады, сям’я стала аб’ектам шматлікіх сіл, якія, кіруючыся фальшывым паняццем свабоды, імкнуцца дэфармаваць яе.

Арцыбіскуп спаслаўся на Сінод Біскупаў, прысвечаны сям’і, які праходзіў у Ватыкане ў 2014 і 2015 гадах, і звярнуў увагу, што яна павінна вярнуць сабе фундаментальную ролю ў грамадстве. Ватыканскі дыпламат нагадаў, што права сям’і жыць як адзінае цэлае прызнаецца і абараняецца рознымі міжнароднымі дакументамі, паводле якіх, дзяржавы абавязаны забяспечваць максімальна шырокую падтрымку і абарону сям’і як натуральнай і асноўнай ячэйкі грамадства, дазволіць ёй у поўнай меры выконваць сваю ролю ў грамадстве і забяспечыць спрыяльныя ўмовы для росту і карысці яе членаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН падкрэсліў, што сям’я сёння вымушана адаптавацца да зменлівых сучасных мадэляў, адказваць на новыя выклікі, выкарыстоўваць магчымасці. Паводле яго, сёння занадта мала ўвагі надаецца важнасці і патэнцыялу плённага абмену сямейнымі каштоўнасцямі паміж пакаленнямі. Арцыбіскуп Юркавіч звярнуў увагу на праблему, “паўзучага індывідуалізму” і адзначыў, што сям’я павінна застацца месцам пашырэння “цывілізацыі любові”.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 мая 2019, 14:50