Св. Францішак з Асізі Св. Францішак з Асізі  (© Musei Vaticani)

Беднасць св. Францішка – імпульс для новай эканомікі

Дабравольная беднасць св. Францішка дазваляе нам паглядзець на эканоміку праз прызму братэрства і салідарнасці, - лічыць арцыбіскуп Асізі Даменіка Сарэнціна.

У горадзе ў італьянскім рэгіёне Умбрыя адбылася сустрэча пад дэвізам “Нічога ўласнага”. Падчас яе рабіўся акцэнт на адрозненнях паміж эканомікай, прыярытэтам якой з’яўляецца атрыманне прыбытку, і эканомікай, заснаванай на салідарнасці.

Тыдзень таму папа Францішак абвясціў аб скліканні ў Асізі нарады маладых эканамістаў і бізнесменаў. Яна пройдзе праз год. Паводле задумы Пантыфіка, Асізі павінен стаць не толькі горадам міру, але і сталіцай новай эканомікі.

“Эканоміка Францішка існуе, як спосаб жыцця. Мы часта паўтараем, што св. Францішак свой жэст адмовы ад багацця не накіроўвае супраць эканомікі. Гэта хутчэй акт эканомікі альтэрнатыўнай, якая вучыць салідарнасці, бескарыслівасці, вялікадушнасці і братэрства”, - сказаў Vatican News арцыбіскуп Сарэнціна.

Паводле італьянскага іерарха, гаворка ідзе пра адмову ад эгацэнтрычных адносін, засяроджанасці выключна на прыбытку, пра развіццё стаўлення братэрства, адкрытасці і шчодрасці, якое дае выкарыстанню багацця новы імпульс, ведучы да эканомікі салідарнасці, з якой не выключаны ніхто.

На асізскі форум “Эканоміка Францішка, які будзе праходзіць 26-28 сакавіка 2020 г., збіраюцца прыехаць каля 500 маладых людзей ва ўзросце да 35 гадоў – эканамічных экспертаў і прадпрымальнікаў з усяго свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 мая 2019, 11:11