Арцыбіскуп Іван Юркавіч Арцыбіскуп Іван Юркавіч 

Ватыканскі дыпламат: развіццё – не толькі тэхнакратычнае пытанне

Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў на пасяджэнні Міжурадавай рабочай групы па праве на развіццё.

Чалавечае развіццё не з’яўляецца толькі эканамічным пытаннем, якое тычыцца выключна экспертаў, гэта пакліканне і выклік, што патрабуе свабоднай і адказнай рэакцыі, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч, цытуючы Caritas in Veritate Бэнэдыкта XVI. Усе павінны працаваць на карысць рэалізацыі мэт у галіне развіцця, кіруючыся сваімі найглыбейшымі рэлігійнымі, культурнымі і этычнымі каштоўнасцямі, заўважыў іерарх 29 красавіка 2019 г.

Святы Пасад лічыць Дэкларацыю аб праве на развіццё асноватворным стаўпом правоў чалавека, паколькі дакумент прызнае чалавечую асобу ў якасці цэнтральнага суб’екта развіцця. Інтэгральнае развіццё павінна быць адрасавана да ўсіх людзей, не толькі да некаторых, павінна датычыцца ўсіх аспектаў жыцця чалавека, не толькі матэрыяльнага вымярэння, заўважыў ватыканскі дыпламат. Рэалізацыя гэтага – абавязак усіх дзяржаў.

Кіраўнік дэлегацыі Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што любое азначэнне развіцця павінна ўлічваць як матэрыяльныя, так і нематэрыяльныя асноўныя патрэбы асобы. Надзвычай важна, каб людзі ў поўнай меры ўдзельнічалі ў фарміраванні сваёй уласнай рэальнасці. Апостальская Сталіца таксама лічыць, што дасягненне адпаведнага ўзроўню індывідуальнага і калектыўнага самазабеспячэння, а таксама захаванне прынцыпаў роўнасці і недыскрымінацыі, варта разглядаць у якасці асноўных частак працэсу развіцця.

Арцыбіскуп Юркавіч падкрэсліў, што любая дыскусія аб развіцці не можа абыходзіцца без прапановы альтэрнатыўных шляхоў эфектыўнага вырашэння праблем няроўнасці і дэградацыі навакольнага асяроддзя, не можа не ўлічваць мадэляў сацыяльнай інтэграцыі і экалагічнага навяртання. Інклюзіўны падыход да развіцця імкнецца не толькі да дасягнення эканамічных і палітычных мэт, але і факусуецца на ўсіх аспектах чалавечай годнасці.

Павага да чалавечай годнасці з’яўляецца перадумовай садзейнічання ўстойліваму і ўсебаковаму развіццю чалавека, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат. Сюды ўпісваецца імкненне да выкаранення галечы шляхам пашырэння правоў і магчымасцей уразлівых і абяздоленых супольнасцей, барацьба з рознымі формамі карупцыі. Таксама гэтаму служыць забеспячэнне ўсіх жыццёва важнымі рэсурсамі, уключаючы адукацыю, пітную ваду, ахову здароўя, экалагічна чыстую энергію, зямлю.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў перайсці ад урачыстых дэкларацый і рашэнняў да доўгатэрміновых дзеянняў, не паддавацца спакусе пошуку выключна тэхнакратычных адказаў на існуючыя выклікі. Арцыбіскуп Юркавіч назваў садзейнічанне інтэгральнаму чалавечаму развіццю маральным абавязкам і міжнародным доўгам салідарнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 красавіка 2019, 15:08