Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 

Святы Пасад на дыскусіі аб сексуальным насіллі ў ходзе канфліктаў

Cвяты Пасад падтрымаў гістарычную рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН аб сексуальным насіллі ў ходзе канфліктаў. Дакумент быў прыняты 23 красавіка 2019 г. у Нью-Ёрку.

“Абмеркаваўшы сексуальнае насілле, як інструмент вядзення вайны, члены Рады Бяспекі прынялі рэзалюцыю, у якой гаворыцца пра неабходнасць пакончыць з беспакаранасцю за сексуальныя злачынствы, умацаваць механізмы іх расследавання і забяспечыць аказанне ўсебаковай дапамогі жанчынам і дзяўчатам, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту. 13 членаў Рады Бяспекі прагаласавалі “за”, Расія і Кітай устрымаліся”, - паведаміў Цэнтр навінаў ААН.

Перад галасаваннем адбыліся адкрытыя дэбаты, у якіх прыняў удзел Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса асаблівым чынам закрануў пытанне, звязанае з абаронай дзяцей, зачатых у выніку згвалтавання ў зонах канфліктаў.

“Правы гэтых дзяцей павінны паважацца і гарантавацца, як правы кожнага іншага дзіцяці. Паводле Святога Пасаду, маладыя і нявінныя жыцці гэтых дзяцей павінны быць прыняты і атулены любоўю. Яны не павінны падвяргацца ганьбаванню ці адмаўленню”

, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Нунцый заклікаў да рашучага асуджэння сексуальнага насілля як інструмента вядзення вайны. Ён заўважыў, што злачынствы такога роду здзяйсняюцца як членамі ўзброеных банд і тэрарыстычных груповак, так і служачымі рэгулярных войскаў або нават міратворчых сіл ААН. “Маўчанню і беспакаранасці ў адносінах да гэтых злачынстваў трэба пакласці канец. Іх места павінна заняць адказнасць, правасуддзе і выпраўленне шкоды”, - сказаў ён.

Прадстаўнік дыпламатыі Святога Пасаду, пажадаў, каб увага да драматычнай тэмы сексуальнага насілля ў зонах канфліктаў, выкліканая адкрытымі дэбатамі ў ААН, змагла дапамагчы ахвярам знайсці аздараўленне і надзею, а таксама паслужыць “устанаўленню больш моцных механізмаў, якія дазволяць ажыццявіць правасуддзе ў адносінах да вінаватых у гэтым насіллі”.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

25 красавіка 2019, 08:56