Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра пагрозы з боку тэрарызму

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел у дэбатах Савета Бяспекі па пагрозах міжнароднаму міру з боку тэрарызму, у тым ліку фінансавага. Яны прайшлі 28 сакавіка 2019 г. у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса запрасіў аддаць даніну памяці ўсім ахвярам тэрарызму. “На жаль, у сучасным свеце, біч тэрарызму стаў амаль звычайнай з’явай. Нашы народы жывуць пад пастаянным страхам гвалтоўных дзеянняў на глебе экстрэмісцкай ідэалогіі”, - заўважыў з жалем іерарх. Тэрарызм павінен быць асуджаны ва ўсіх яго формах і праявах, а тэрарыстаў трэба пазбавіць доступу да сродкаў, якія спрыяюць іх злачыннай дзейнасці, - спаслаўся ён на нядаўна падпісаную сумесную дэкларацыю Папы і Вялікага імама Аль-Азхар.

Асаблівым чынам ватыканскі дыпламат запрасіў звярнуць увагу на дзясяткі дзяўчат і жанчын, якія выкарыстоўваюцца тэрарыстычнымі групамі для распаўсюджвання сваёй небяспечнай ідэалогіі.

На думку Святога Пасаду, для эфектыўнага прадухілення фінансавання тэрарызму, трэба разарваць яго сувязь з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю. Жыццёва важнае значэнне мае парушэнне іх кібернетычных магчымасцей, якія яны выкарыстоўваюць для прыцягнення новых членаў і для збору сродкаў.

Інтэгральнае развіццё чалавека з’яўляецца ключом да прадухілення тэрарызму ў доўгатэрміновай перспектыве: моладзь не можа быць пазбаўлена адукацыі і навучання, пажылыя людзі – апекі і лекаў, народы – міру і бяспекі.

Арцыбіскуп заклікаў не блытаць паняцці: у прыватнасці, не можа быць ніякага канфлікту паміж прадухіленнем фінансавання тэрарызму і аказаннем гуманітарнай дапамогі. Контртэрарыстычныя меры не могуць абмяжоўваць і падаўляць патэнцыял няўрадавых і дабрачынных арганізацый для аказання гуманітарнай дапамогі ўразлівым групам або асобам.

Святы Пасад рашуча асуджае тэрарызм ва ўсіх яго формах і праявах. Ніводная ідэалагічная, палітычная, філасофская, расавая, этнічная ці рэлігійная прычына не могуць апраўдаць тэрарыстычнага акту. Патрэбны эфектыўныя меры для прадухілення тэрарызму, у тым ліку шляхам пазбаўлення яго фінансавых рэсурсаў. Ватыканскі дыпламат выказаў надзею, што міжнародная супольнасць прапануе скаардынаваны адказ на такую сур’ёзную пагрозу для міра і бяспекі.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 сакавіка 2019, 11:24